Menu

A+ A A-

КАЛІ СЛОВА МАЦНЕЙШАЕ ЗА ЗБРОЮ

  • Просмотров: 154

     Унікальны нумар падпольнай «Звязды» стварылі наведвальнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падчас Ночы музеяў
     У імправізаванай рэдакцыі кіпела работа. Рэдактар і наборшчыца, чые ролі выконвалі супрацоўнікі музея, карпелі над першым нумарам падпольнай «Звязды», які выйшаў у маі 1942 года.
     

     Наведвальнікі музея з цікавасцю назіралі за тым, як стваралася газета, якую з нецярпеннем чакалі ў партызанскіх атрадах, чыталі жыхары акупаванай Беларусі, якая ўсяляла такі страх у ворага, што на пошукі падпольнай рэдакцыі нават былі выкліканы вопытныя разведчыкі з Берліна.
     Даведаўшыся пра гераічную працу журналістаў-падпольшчыкаў, якія цаной свайго жыцця друкавалі выданне, пра лёс зусім юнага рэдактара першага падпольнага нумара Уладзіміра Амельянюка, амаль кожны хацеў паспрабаваць, хоць і ў далёкіх ад рэальнасці ўмовах, прыняць удзел у дзейнасці імправізаванай рэдакцыі.
     Тым больш калі працаваць даводзілася побач з сапраўднымі рарытэтамі: за сталом, крэслам і табурэтам, змешчанымі ў экспазіцыі, у гады вайны рэальна працавал і мінскія падпольшчыкі. Было гэта ў кватэры Таццяны Якавенкі па вуліцы Выдавецкай, 10 (цяпер Кульман), дзе летам 1942 года ствараліся другі і трэці падпольныя нумары беларускамоўнага выдання. Мэблю ў 1967 годзе музею перадала сама гаспадыня.
     

     За некалькі гадзін макет «Звязды» напоўніўся шматлікімі матэрыяламі пра баявую дзейнасць франтавікоў, партызанаў і падпольшчыкаў. Падпольная група «Маленькія чырвонаармейцы», у прыватнасці, напісала заметку аб знішчэнні 103 танкаў і 200 фашыстаў. Карэспандэнт Аляксей Філіповіч тэрмінова тэлеграфаваў: «Узарваў 5 танкаў, планую знішчыць Гітлера». Лаканічным быў і вучань 2-га класа: «Наша падпольная група ўзарвала 80 фашыстаў. Прашу памясціць у газеце».
     Вядома, тагачасная «Звязда» наўрад ці магла змясціць такую колькасць інфармацыі. Але галоўнае, удзельнікі імправізацыі зразумелі — кожнае слова, надрукаванае падпольшчыкамі, усяляла ў людзей веру ў будучую Перамогу, заклікала далучацца да ўсенароднай барацьбы. Напамінам пра гэта стануць копіі першага падпольнага нумара, якія атрымалі тыя, хто паспрабаваў сябе ў ролі ваенных карэспандэнтаў.
Вераніка КАНЮТА.
Фотаздымкі дадзены
Белдзяржмузеем гісторыі
Вялікай Айчыннай вайны