Menu

A+ A A-

НА ЗАХОПЛЕНЫМ ЦЯГНІКУ — ПА ТЫЛАХ ВОРАГА

  • Просмотров: 226

  

     Гэтая ўнікальная партызанская аперацыя стала баявой легендай
     Увосень 1942 года група народных мсціўцаў атрада імя Георгія Дзімітрава захапіла ў фашыстаў эшалон з нарабаванай у мясцовага насельніцтва маёмасцю і пад чырвоным сцягам прайшла з баямі па чыгунцы. І ўсё гэта — на акупаванай ворагам тэрыторыі!
БЕЛАРУСКІ ЧАПАЙ
     У красавіку 1942 года ў лясным урочышчы Гута Міхалін, што непадалёк ад Івацэвічаў, сфарміраваўся партызанскі атрад імя Дзімітрава. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі Косаўскага, Ружанскага і Бярозаўскага раёнаў. Дыверсійнай групай кіраваў адважны партызан Аляксандр Самуйлік, якога за знешняе падабенства з героем грамадзянскай вайны і бязмежную смеласць з любоўю называлі «беларускім Чапаем».
     Са станцыі Любяшоў Валынскай вобласці, размешчанай на левым беразе ракі Стаход, прытоку Прыпяці, фашысты рэгулярна адпраўлялі ў горад Камень-Кашырскі чыгуначныя саставы з нарабаваным у мясцовага насельніцтва дабром, якое пасля везлі ў Нямеччыну. Партызаны даведаліся, што ў пачатку лістапада 1942 года рыхтаваўся чарговы цягнік з каляднымі падарункамі: збожжам, птушкай, мёдам і яйкамі.
     Аляксандру Самуйліку паступіла прапанова захапіць варожы эшалон і праехаць па чыгунцы па тылах фашыстаў з чырвоным сцягам. Справа была рызыкоўная: самая малая недакладнасць, нязначны промах пагражалі правалам. Усё-такі вырашылі дзейнічаць. Для ажыццяўлення аперацыі адабралі добраахвотнікаў. Першым адгукнуўся адважны і знаходлівы разведчык Юрый Логінаў, які да вайны працаваў памочнікам машыніста паравоза на Паўднёва-Уральскай чыгунцы. Паводле задумы, яму адводзілася месца машыніста паравоза, які планавалася захапіць у ворага падчас бою.
      У дыверсійную групу папрасілася партызанка Ганна Рудзько, якая ў атрадзе аднолькава добра ўмела страляць, гатаваць, перавязваць раны. У аперацыі таксама ўдзельнічалі Леанід Бесаноўскі, Іван Уладзіміраў, Зіновій Абакумаў, Васіль Пукемаў, Іван Савін. З кожным з іх Самуйлік не раз бываў у баі, хадзіў на дыверсіі, таму быў упэўнены, што ў любой, нават самай нечаканай і рызыкоўнай сітуацыі, яны не падвядуць.
     5 лістапада Аляксандр Самуйлік са сваёй групай апынуўся пад Любяшовам. Па просьбе партызан мясцовы жыхар Фелікс Рэпятовіч ноччу зрабіў на чырвоных палотнішчах плакаты накшталт «Смерць фашысцкім акупантам!». Партызаны вывелі са строю тэлефонную сувязь на двухкіламетровым участку, спалілі адміністрацыйны будынак пад Руцкам, знішчылі мост праз раку Стаход — усё для таго, каб гітлераўцы нават не сумняваліся: у іх тыле дзейнічаюць узброеныя атрады чырвона армейцаў.
САРАКАКІЛАМЕТРОВЫ РЭЙС

     На падобным паравозе, які цяпер
знаходзіцца ў музеі чыгуначнай
тэхнікі Брэста, партызаны
ажыццявілі свой маршрут па
тылах ворага.
     Толькі пачало світаць, як партызаны, беражліва паклаўшы ў рэчмяшкі напісаныя лозунгі, бясшумна падабраліся да чыгуначнага палатна ў раёне паўстанка Сваротная. На гэтым месцы ў засадзе яны праляжалі ўсю ноч. Раніцай да паўстанка на бліжаўся цягнік з 16 вагонаў і платформаў. Як толькі цягнік паказаўся з-за павароту, пераапрануты ў форму чыгуначніка партызан Леанід Бесаноўскі, энергічна размахваючы чырвоным сігнальным сцяжком, рушыў насустрач. Машыніст паравоза, заўважыўшы трывожныя сігналы абходчыка, якія азначаюць небяспеку, рэзка зменшыў ход. Гэта дазволіла Юрыю Логінаву, ухапіўшыся за поручні паравоза, падняцца ў будку машыніс таў.
     Камандзір атрада імя Кірава
Брэсцкага партызанскага злучэння
Аляксандр САМУЙЛІК (справа).
     Паравозная брыгада, якая складалася з двух машыністаў — мясцовых жыхароў, прымушаных немцамі весці састаў, падпарадкавалася партызанам. З вагонаў паказалася ўстрывожаная ахова, па якой адначасова з абодвух бакоў чыгункі ўдарылі аўтаматы партызан. Частка вартаўнікоў палегла пад прыцэльным агнём з засады, астатнія ахоўнікі разбегліся па лесе. Захапіўшы цягнік, да вонкавых сцен вагона партызаны прымацавалі лозунгі, на трубе паравоза ўзнялі сцяг. Самі размясціліся па вагонах так , каб пры падыходзе да станцый весці агонь адразу з усіх ствалоў — вораг ніякім чынам не павінен быў здагадацца аб невялікім складзе атрада.
     І вось цягнік падрыхтаваны ў рызыкоўны і трывожны шлях. Логінаў заняў месца машыніста, падаў сігнал адпраўлення. Так пачаўся саракакіламетровы рэйс некалькіх патрыётаў, якіх пасля фашысты ахрысцілі «буйнымі дэсантнымі сіламі бальшавікоў». Усё, што змяшчалася ў вагонах, — збожжа, муку, сала, курэй, гусей, яйкі — раздавалі на станцыях і паўстанках каля размешчаных блізка да чыгункі вёсак, дзе партызаны рабілі кароткія прыпынкі.
     Станцыю Махро, дзе стаяў буйны нямецкі гарнізон, праляцелі на поўным хаду, абстраляўшы з кулямёта і аўтаматаў асалапелых ад нечаканасці гітлераўцаў. На адным з паўстанкаў Самуйлік загадаў спыніцца і падрыхтаваць абоз, загрузіць яго прадуктамі і даставіць у партызанскі лагер. Чарговы кароткачасовы прыпынак зрабілі на станцыі Вулька, дзе выгрузілі рэшткі прадуктаў, знялі сцяг і лозунгі.
     Сяляне дапамаглі загрузіць чыгуначны састаў саломай. Бесаноўскі з запаленым факелам хутка абабег вагоны. У будцы палаючага цягніка застаўся машыніст Логінаў. Цягнік набіраў хуткасць і набліжаўся да разбуранага моста цераз раку Піна. У самы апошні момант бясстрашны партызан выскачыў з паравоза, скаціўся ўніз пад адхон — адбыўся выбух.
     Барацьба супраць акупантаў працягвалася... Неўзабаве Аляксандра Самуйліка прызначылі камандзірам партызанскага атрада імя Кірава. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з фашысцкімі захопнікамі, ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Пасля вайны больш за 30 гадоў працаваў на розных пасадах у Камянецкім раёне, удастоены звання Ганаровага грамадзяніна Камянца. Не стала «беларускага Чапая» ў 1989 годзе. Удзячныя землякі назвалі ў яго гонар адну з новых вуліц райцэнтра.

Мікалай ШАЎЧЭНКА,
член Беларускага саюза журналістаў