+375 (17) 203-08-72
ВТ-ВС с 10:00 до 19:00

Акадэмік К. І. Лукашоў

(7.01.1907 – 23.05.1987)

     7 студзеня 2017 г. спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння акадэміка К.І. Лукашова, у гады вайны – намесніка старшыні Савецкай урадавай закупачнай камісіі па ленд-лізе. Да гэтай даты ў музеі падрыхтавана экспрэс-выстава, якая знаходзіцца ў зале № 5 «Карэнны пералом у ходзе вайны. Савецкі тыл».
     У музеі ўжо захоўваюцца прадметы, якія належалі К.І. Лукашову, некаторыя з іх экспануюцца ў зале, гэта: фотапартрэт Канстанціна Ігнатавіча, пасведчанне акадэміка Акадэміі навук БССР, яго фрак, прывезены з ЗША ў 1944 г., і медыкаменты амерыканскай вытворчасці.

 
Фрагмент экспазіцыі
Фрагмент экспазіцыі
 
     Выстава створана на аснове асабістых рэчаў К.І. Лукашова, якія нядаўна перадала ў фонды музея яго нявестка Галіна Васільеўна Лукашова. Да гэтых прадметаў адносяцца: чамадан, электрычны прас і медыцынскі шпрыц Жанэ замежнай вытворчасці, фотаздымкі, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, пасведчанне да медаля «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», кніжка ордэнская да ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
     Канстанцін Ігнатавіч нарадзіўся ў вёсцы Гарадзец Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу ў горадзе Быхаў. Працоўную дзейнасць пачаў у 1922 г. у сельскай гаспадарцы, быў сакратаром у раённым камітэце сялянскіх таварыстваў узаемадапамогі, на шклозаводзе ў пасёлку Ветранка Быхаўскага раёна займаў пасаду загадчыка клуба і быў сакратаром камсамольскай арганізацыі. У 1927 г. накіраваны Магілёўскім акруговым камітэтам камсамола на вучобу ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе навучаўся на геаграфічным факультэце па спецыяльнасці «Геаграфія глебаў». Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1931 г. прафесійна заняўся навуковай дзейнасцю. У 1937 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю, у 1938 г. атрымаў ступень доктара геолага-мінералагічных навук і званне прафесара грунтазнаўства. У перыяд з 1938 па 1939 г. Канстанцін Ігнатавіч адначасова з’яўляўся загадчыкам кафедры грунтазнаўства і рэктарам вышэй названага ўніверсітэта.
     У 1939 г. навуковец быў накіраваны ў ЗША і прызначаны на пасаду старшыні «Амторга», амерыкана-савецкага гандлёвага акцыянернага таварыства. Нападзенне Германіі на Савецкі Саюз 22 жніўня 1941 г., а таксама ўступленне ЗША ў Другую сусветную вайну 7 снежня 1941 г. адбілася на кар’еры Канстанціна Ігнатавіча. У 1942 г. менавіта ён становіцца намеснікам старшыні Савецкай урадавай закупачнай камісіі па ленд-лізе ў ЗША. Падчас працы на гэтай пасадзе ў 1942–1944 гг. усе пастаўкі па ленд-лізе (тэхніка, узбраенне, медыкаменты і г. д.) ішлі непасрэдна праз яго рукі.

Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў
з жонкай і дзецьмі. Вашынгтон, 
1943 г.
     У 1944 г. навукоўца адазвалі ў Маскву, дзе ён узначаліў кафедру эканамічнай геаграфіі Інстытута знешняга гандлю СССР. Да 1952 г. Канстанцін Ігнатавіч працаваў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце загадчыкам кафедры фізічнай геаграфіі зарубежных краін на геаграфічным факультэце. У 1952 г. ён зноў працуе на беларускай зямлі. Так, з 1952 па 1956 г. К.І. Лукашоў з’яўляецца рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1956 па 1969 г. – віцэ-прэзідэнтам АН БССР. У 1963 г. стварыў лабараторыю геахімічных праблем АН БССР. З 1971г. – дырэктар Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. Яшчэ ў 1953 г. доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар К.І. Лукашоў стаў акадэмікам АН БССР, а ў 1967 г. – заслужаным дзеячам навукі БССР. У 1954 г. Канстанцінам Ігнатавічам было заснавана Беларускае геаграфічнае таварыства, прэзідэнтам якога ён з’яўляўся ў 1957–1960 гг. Сярод яго ўзнагарод: 2 ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», а таксама юбілейныя медалі, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР і г. д. 23 мая 1987 г. Канстанцін Ігнатавіч памёр.


                                                                                         Акадэмік К.І. Лукашоў. 1980 г.
     К.І. Лукашоў быў выдатным навукоўцам, буйным вучоным у галіне навук аб зямлі, заснавальнікам генетычнага напрамку ў грунтазнаўстве і беларускай геахімічнай школы. Ён унёс буйны ўклад у вывучэнне геалогіі і палеагеаграфіі, літалогіі і геахіміі зоны гіпергенезу і антрапагену, фізічнай і эканамічнай геаграфіі, у пошукі карысных выкапняў. Навукоўцам распрацавана занальная геахімічная класіфікацыя кары выветрывання. Працы К.І. Лукашова садзейнічалі адкрыццю радовішчаў нафты, комплекснаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў. У сваіх навуковых даследаваннях ён таксама закрануў актуальныя праблемы барацьбы паміж краінамі за рынкі збыту, прыродныя рэсурсы і іх сувязь з войнамі. Што датычыць ацэнкі дапамогі ЗША і іншых дзяржаў Савецкаму Саюзу па ленд-лізе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, то Канстанцін Ігнатавіч усё-такі лічыў яе важнай зброяй у агульнай барацьбе з фашызмам.
Навуковы супрацоўнік
аддзела ваенна-франтавой гісторыі
 У.У. Грыгор’еў
Дважды Герой Советского Союза Степан Фёдорович Шутов 30 января 2017
Герой Советского Союза Лопатин Петр Григорьевич 4 января 2017