+375 (17) 203-08-72
ВТ-ВС с 10:00 до 18:00

Да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны



Сёлета спаўняецца 80 год з пачатку Другой сусветнай вайны, самай кравапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва. Канфлікт, у якім прымала ўдзел каля 100000000 чалавек з 62 існуючых на той момант незалежных дзяржаў, сур’ёзна паўплываў на далейшы палітычны і эканамічны лёс многіх кутоў свету, пакінуўшы трагічны след у сусветнай гісторыі. Ахвярамі гэтага сутыкнення стала каля 60000000 чалавек.
Пачаткам вайны ў Еўропе звычайна лічыцца 1 верасня 1939 года — напад Германіі на Польшчу. У далейшым, колькасць дзяржаў-удзельніц змянялася на працягу вайны. Некаторыя з іх вялі актыўныя баявыя дзеянні, другія дапамагалі сваім саюзнікам пастаўкамі зброі, матэрыялаў і харчавання. Астатнія ж удзельнічалі ў вайне толькі намінальна.
Перадумовы Другой сусветнай вайны непасрэдна выцякаюць з г. зв. Версальска-Вашынгтонскай сістэмы — сусветнага парадку, які склаўся пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. Галоўныя пераможцы (Францыя, Вялікабрытанія, ЗША) не здолелі стварыць новую сістэму светаўпарадкавання ўстойлівай — пераможаныя былі максімальна прыніжаныя, дзве ключавыя дзяржавы-супраціўнікі (Аўстра-Венгрыя і Асманская імперыя) падзеленыя. Германія была пазбаўлена магчымасці паўнавартасна ўдзельнічаць у міжнародных справах, абмежаваная ў стварэнні паўнавартасных узброеных сіл і абкладзеная значнай кантрыбуцыяй, але не была падзелена.
Пасля таго як 7 мая 1919 г. сталі вядомыя ўмовы мірнага дагавора ў Версалі, на наступны ж дзень прэзідэнт Эберт заявіў, што гэтыя ўмовы і рэпарацыі, якія ў іх агавораныя, не могуць быць выкананыя нямецкім народам нават пры крайнім напружанні сіл. Ён падкрэсліў, што на такіх умовах немагчыма забеспечыць захаванне працяглага міру ў Еўропе на базе супрацоўніцтва паміж народамі, і што новая кравапралітная вайна стане непазбежнай. Між тым у стане краін-пераможцаў таксама не было адзінага погляду на пасляваеннае ўпарадкаванне. Італьянскі прэм'ер міністр Віторыа Арланда дэманстратыўна пакінуў Парыжскую канферэнцыю пасля адмовы іншых пераможцаў задаволіць усе тэрытарыяльныя прэтэнзіі Італіі, а Кангрэс ЗША адмовіўся ратыфікаваць пагадненне аб стварэнні Лігі Нацый — новага міжнароднага органа, які павінен быў вырашаць міжнародныя спрэчкі. Расія была наогул выключаная з Версальскага працэсу. Заходнія краіны лічылі бальшавікоў часовым, нелегітымным і да таго ж варожым урадам, і не збіраліся надаваць ім дадатковую легітымнасць, запрашаючы ў Парыж. Акрамя таго, Расія з-за заключэння сепаратнага міру лічылася краінай, якая прайграла вайну. Турцыя была пазбаўлена тэрыторый за межамі Малой Азі, а ў ходзе канферэнцыі ледзь не згубіла дзяржаўнасць. У выніку атрымалася, што ледзь не ўсе краіны Усходняй Еўропы маюць прэтэнзіі адна да адной. Таксама па-за межамі канферэнцыі засталася сітуацыя ў Азіі — японскія захады на кіраванне Кітаем, які ў той час стаяў на шляху бязладдзя і хаосу. Скарыстаўшыся гэтым няўстойлівым становішчам, да ўлады ў многіх краінах прыходзяць таталітарныя рэжымы. Ідэямі незадаволенасті і рэваншызму ў Германіі скарыстаўся А. Гітлер, стварыўшы ў 1920 г. нацысцкую партыю НСДАП. Абапіраючыся на радыкальныя колы нямецкага грамадства, напрацягу 1920-х. гадоў ён няўдала спрабуе захапіць уладу ў свае рукі. А ў 1933 г. Гітлера выбіраюць кіраўніком нямецкага ўраду - рэйхсканцлерам Германіі. З гэтага часу НСДАП займае вядучыя ролі ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Гітлер пачынае рыхтавацца да вайны.
З 1938 г. пачынаюць развівацца падзеі, якія непасрэдным чынам паўплывалі на развіццё міжнароднага канфлікту. 12-13 сакавіка Германія з маўклівай згоды Лігі Нацый анексіруе Аўстрыю. Пасля першай няўдалай спробы ў сакавіку далучыць да Германіі Судэцкую вобласць Чэхаславікіі, населеную пераважна немцамі, у верасні Гітлер праводзіць паспяховую анексію, заканадаўча аформленую Мюнхенскім дагаворам. Гэта стала пачаткам канца для Чэхаславакіі: 30 верасня Польшча акупіравала Цешынскую вобласць, пад германскім ціскам чэхаславацкі ўрад быў вымушаны даць аўтаномію Славакіі і Падкарпацкай Русі, якія ў сакавіку 1939 года абвясцілі сваю незалежнасць, 30 лістапада згодна з умовамі Першага Венскага арбітражу да Венгрыі адышлі паўднёвыя раёны Славакіі і Падкарпацкай русі, а 14 сакавіка 1939 года Чэхія, вымушаная прыняць умовы ўльтыматума, згадзілася на акупацыю Германіяй; на яе тэрыторыі быў створаны пратэктарат Багеміі і Маравіі. Мюнхенскі дагавор стаў кульмінацыяй «палітыкі замірэння», якая дазволіла Гітлеру значна ўзмацніць Германію і беспакарана захапіць значную частку Еўропы. Адзінай буйной еўрапейскай краінай, якая выказала пратэст супраць расчлянення Чэхаславакіі і яе фактычнай анексіі, стаў СССР.
Японія, якая здаўна планіравала анексію Далёкага Усходу, вымушаная была адмовіцца ад сваіх планаў пасля паражэння ў пагранічных сутыкненнях з савецкімі войскамі каля возера Хасан (ліпень-жнівень 1938 года) і на Халхін-Голе (вясна-восень 1939 года). Японцы пераканаліся, што не ў стане весці паўнамаштабную вайну з СССР. У сакавіку 1939 года Германія анексіруе Мемельскі край Літвы, а яшчэ ў кастрычніку 1938 года Германія запатрабавала ўключэння вольнага горада Данцыга ў склад Рэйха і стварэння да яго сухапутнага калідора па тэрыторыі Польшчы, што апошняя катэгарычна адхіліла. 28 красавіка 138 г. Германія ў аднабаковым парадку разарвала дамову аб нянападзе. Стала зразумела, што вайна Германіі з Польшчай непазбежная і з'яўляецца толькі пытаннем часу.
Адчуваючы нарастаючую пагрозу з боку Германіі, СССР паспрабаваў стварыць траісты саюз з Англіяй і Францыяй, які б, да таго ж, прадугледжваў гарантыі для малых краін Еўропы, але правал Маскоўскіх перамоў прывёў да падпісання 23 жніўня 1939 года паміж Германіяй і СССР пакта аб ненападзе, які да таго ж, прадугледжваў падпісанне сакрэтных пратаколаў аб размежаванні сфер уплыву ва Усходняй Еўропе.
Абагульняючы, можна вылучыць наступныя прычыны пачатку сусветнага канфлікту:
Версальска-Вашынгтонская сістэма, якая ўстанавіла несправядлівыя межы, што ігнаравалі этнічны прынцып, і такую ж несправядлівую сістэму эканамічных і палітычных узаемаадносін. Фашысцкія і мілітарысцкія дзяржавы на чале з Германіяй, Італіяй і Японіяй былі незадаволены склаўшымся сусветным парадкам і праглі новага перадзелу свету, каб захапіць новыя калоніі, крыніцы сыравіны і рынкі збыту, якія знаходзіліся пераважна пад кантролем Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША;
 
абвастрэнне супярэчнасцей паміж вялікімі дзяржавамі пасля пачатку сусветнага эканамічнага крызісу. У першую чаргу, між Англіяй і ЗША.
 
«палітыка замірэння» агрэсараў, якую праводзілі Вялікабрытанія і Францыя, спадзяючыся, што сваімі ўчынкамі яны задаволяць іх апетыты
На працягу 20-30 гг., Гітлер здолеў скарыстацца хібамі і недапрацоўкамі Версальскай сістэмы, пакрыху памяншаючы рэпарацыйныя выплаты, і нарошчвая ваенны патэнцыял дзяржавы, які павялічвался ў тым ліку з нахопленых тэрыторый. Таксама, эканамічнае разбурэнне і дэпрэсія 20-х гг., выклікалі моцную хвалю рэваншызму, што было на руку Гітлеру.
неэфектыўнасць Лігі Нацый;

У ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1939 г., калі ўся ваенная прамысловасць Германіі была гатова да рыўка на Польшчу, германскія спецслужбы правялі правакацыйную аперацыю «Гіммлер». Пераадзетыя ў польскую форму эсэсаўцы і вязні канцэнтрацыйных лагераў, якія валодалі польскай мовай, «захапілі» радыёстанцыю ў германскім горадзе Глейвіц. Непасрэдным выканаўцам аперацыі з’яўляўся штурмбанфюрэр СС А. Науйокс. Быццам бы з захопленай радыёстанцыі прагучаў зварот на польскай мове, у якім быў прызыў «аб’ядноўвацца і біць немцаў». Раніцай Гітлер звярнуўся да германскага народа і ўсю віну за развязванне ваеннага канфлікта ўсклаў на польскае кіраўніцтва. 1 верасня 1939 г. Германія нападае на польшу, вермахт пачынае аперацыю “Вайс”. Прэзідэнт Польшчы, І. Масціцкі звяртаецца да народу, з заклікам бараніць родную зямлю. Пачынаецца хуткая мабілізацыя ў войска польскае, у складзе якога брала ўдзел у баях вялікая колькасць беларусаў. Англія і Францыя, звязаныя з Польшчай саюзнымі дагаворамі, 3 верасня 1939 г. аб’явілі вайну Германіі. У вайну ўступілі брытанскія дамініёны і калоніі Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Канада, Паўднёва-Афрыканскі Саюз.
Суадносіны сіл былі на баку вермахта: па пяхоце – 1,8 : 1, па артылерыі – 3 : 1, па танках – 4 : 1, па авіяцыі – 5 : 1. Да таго ж польскае камандаванне не паспела закончыць мабілізацыю і разгортванне арміі. Калі немцы мелі ў поўнай гатоўнасці 95% сваіх сіл, то палякі – каля 49%.


Польскае кіраўніцтва спачатку паверыла, што з уступленнем у вайну брытанскія і французскія саюзнікі распачнуць выконваць свае абавязкі. Насельніцтва Польшчы з энтузіязмам сустрэла вестку аб рашэннях Англіі і Францыі ўступіць у вайну, грамадскасць разлічвала, што саюзнікі выканаюць свае абавязкі. Перш за ўсё патрабавалася неадкладная падтрымка авіяцыяй. Але час ішоў, а саюзная авіяцыя ў польскім небе так і не з’явілася. Пачалася гэтак званая Дзіўная вайна.
Нягледзячы на мужнае супраціўленне польскіх салдат і афіцэраў, германская армія, валодаючы вялікай ваеннай перавагай акупіравала да 16 верасня большую частку тэрыторыі Польшчы і выйшла на «лінію Керзана» – прыкладную мяжу рассялення палякаў, з аднаго боку, і украінцаў і беларусаў з другога, якая была вызначана Парыжскай мірнай канферэнцыяй яшчэ ў 1919 г. Польскі урад 16 верасня пакінуў краіну, эмігрыраваўшы ў Румынію, а затым у Лондан. Многія польскія патрыёты, якія засталіся вернымі прысязе, працягвалі змагацца, выконваючы свой вайсковы абавязак. Асабліва гераічна змагаліся абаронцы Варшавы, якія толькі 27 верасня капітулявалі. Агульнае становішча польскіх войск аказалася катастрафічным. У другой палове верасня польскай арміі як арганізаванага цэлага ўжо не існавала. Страты польскай арміі былі значнымі. Загінула каля 65 тыс. воінаў, прыкладна 140 тыс. былі паранены, у германскім палоне аказалася каля 400 тыс. польскіх салдат і афіцэраў, у тым ліку 70 тыс. беларусаў.





У экспазіцыі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлены матэрыялы, якія асвятляюць тэму пачатка Другой сусветнай вайны падзеі, якія прывялі да новага сусветнага канфлікту. Прадстаўлены зварот польскага прэзідэнта І. Масціцкага да польскага народу, аб’ява аб мабілізацыі ў Войска Польскае, фатаздымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі падчас баявых дзеянняў у Еўропе.


На адным са здымкаў у форме польскага салдата захаваны беларускі пісменнік Я.І. Брыль, які таксама сустракаў вайну ў шэрагах польскіх жаўнераў. У 1939 г. ён быў прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, у верасні таго ж года трапіў пад Гдыняй у нямецкі палон, у 1941 уцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў. У 1942 г. Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944 г. — разведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкама партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыгала». Па вызваленні Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г. п. Мір, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык».


Вынікам гэтага жахлівага міжнароднага канфлікту, акрамя людскога насельніцтва, стала вялікая колькасць гарадоў і пасёлкаў, разбураных падчас баявых дзеянняў. Цяжкае аднаўленне мірнага жыцця лягло на плечы тых, хто здолеў перажыць гэты цяжкі час, тых, кто вярнуўся з фронту. Па дадзеных Акадэміі навук, на тэрыторыі Беларусі было знішчана каля 2500000 чалавек.
Міжнароднай супольнасцю нацызм быў асуджаны як з’ява. 26 чэрвеня 1945 г. была створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, членам якой з моманту яго заснавання з’яўляецца Беларусь. Мэтай ААН з’яўляецца падтрыманне і ўмацаванне міжнароднага міру і бяспекі, развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
Аддзел навукова-асветніцкай работы,
навуковы супрацоўнік
Куўшынаў Ю.М.



К 80-летию начала советско-финляндской войны 1939-1940 гг. 9 декабря 2019
Парад народных мстителей 18 июля 2019