+375 (17) 203-08-72
ВТ-ВС с 10:00 до 19:00

Часовая экспазіцыя «Чырвонка ў тыле ворага»

21 красавіка 2021 г. у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася часовая экспазіцыя «Чырвонка ў тыле ворага», прымеркаваная да 100-годдзя старэйшай беларускай маладзёвай газеты «Чырвоная змена».

1.jpg

Фрагмент часовай экспазіцыі «Чырвонка ў тыле ворага».

Газета мае сваю слаўную гісторыю, а перыяд яе жыцця ў тыле ворага дастойна ўпрыгожвае яе традыцыі. Як у мірны час, так і ў гады вайны газета заўсёды заставалася разам з моладдзю. Супрацоўнікі рэдакцыі і чытачы называлі сваю газету памяншальна-ласкальна «Чырвонка».

Пра тое, як зараджалася газета, на адкрыцці экспазіцыі расказала спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» Алена Анатольеўна Дзядзюля.

IMG_7088.jpg

Спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» А.А. Дзядзюля.


IMG_7141.jpg

Экскурсія па часовай экспазіцыі «Чырвонка ў тыле ворага».

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны журналісты рэспублікі здолелі хутка перабудавацца з мірнай праблематыкі на ваенную. З 10 ліпеня 1941 г. ЦК ЛКСМБ аднавіў выданне газеты «Чырвоная змена». Газета друкавалася ў Гомелі на фабрыцы «Палесдрук». Нягледзячы на складаныя ўмовы працы, за 41 дзень было выдадзена 24 нумары газеты агульным тыражом звыш 50 тысяч асобнікаў. Пасля акупацыі гітлераўцамі тэрыторыі Беларусі выпуск друкаваных выданняў працягваўся ў савецкім тыле. У кастрычніку 1941 г. быў надрукаваны апошні нумар «Чырвонай змены» ў Тульскай вобласці.

На выставе прадстаўлены фрагменты газеты «Чырвоная змена» за 1941 год.

НД-25161.jpg

Фрагмент газеты «Чырвоная змена» за 1941 г.

Гэтыя кавалачкі газеты – быццам разарваныя лёсы людзей, на долю якіх выпала вайна. Фрагменты былі выяўлены ў 1996 г. 1-й ротай 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна разам з іншымі рэчамі на месцы канцлагера Дразды. Закансервіраваў фрагменты і перадаў iх у музей старшы лейтэнант Ігар Міхайлавіч Карповіч.

На некаторы час змоўк голас «Чырвонкі», але ненадоўга. У мэтах узмацнення друкаванай прапаганды сярод моладзі акупіраваных раёнаў і партызан 21 студзеня 1943 г. ЦК ЛКСМБ прыняў пастанову аб выпуску «Чырвонай змены» ў тыле ворага. Рэдактар М.П. Барашкаў прыбыў на тэрыторыю Мінскай вобласці 25 студзеня 1943 г. З сабой ён прывёз шрыфт, фарбу, паперу, розныя клішэ, літаратуру.

КП-11004.jpg

Малюнак «Партрэт Барашкава Міхаіла Парфёнавіча». 1944 г. Мастак Л.С. Ран.

Рэдакцыя павінна была выдаваць дзьве газеты: «Звязду» і «Чырвоную змену». Гэта быў адзіны выпадак у гісторыі друку часоў Вялікай Айчыннай вайны, калі рэдактар адказваў за выпуск адразу дзвюх падпольных рэспубліканскіх газет.

Першы нумар «Чырвонай змены» ў тыле ворага быў надрукаваны 31 студзеня 1943 г.

КП-38991_1.jpg

Першы нумар падпольнай газеты «Чырвоная змена», які быў выдадзены ў тыле ворага 31 студзеня 1943 г.

У матэрыялах з партызанскіх атрадаў, артыкулах камсамольскіх работнікаў паведамлялася пра гераічную барацьбу з ворагам маладых партызан, падпольшчыкаў, пра поспехі дыверсійных груп, падрыўнікоў і разведчыкаў. Нумары «Чырвонай змены» распаўсюджваліся па ўсіх кутках акупіраванай Беларусі. Падпольшчыкі дастаўлялі газету пры дапамозе самых неверагодных прыдумак. Напрыклад, сувязная партызанскага атрада К. Ляшчэня дастаўляла «Чырвонку» ў пасёлкі і вёскі ў качанах капусты. Некаторыя сувязныя ўпляталі газету ў валасы, рабілі ў аглоблях тайнікі, куды засоўвалі газеты, і такім чынам правозілі праз варожыя заслоны.

Свае творы ў газету дасылалі беларускія паэты і пісьменнікі. У «Чырвонай змене» былі надрукаваны вершы Пятра Глебкі, Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Анатоля Астрэйкі, Кандрата Крапівы.

На сваіх старонках газета змяшчала хвалюючыя артыкулы пра лёс дзяцей і падлеткаў у гады вайны, якія нароўні з дарослымі змагаліся ў падполлі і ў партызанскіх атрадах.

КП-22356_1.jpg

Артыкул «Чэсна выканаў свой доўг перад Радзімай», прысвечаны Герою Савецкага Саюза А.Л. Ісачэнку.

Супрацоўнікі рэдакцыі імкнуліся ў кожным нумары даваць як мага больш матэрыялаў пра баявыя справы маладых партызан. Але ўмовы канспірацыі не давалі магчымасці дэталёва расказаць пра іх. Прозвішчы партызан указваліся не цалкам, таму што гэта было б знаходкай для акупацыйных уладаў. Таму пісалі: Васіль Б., Міхаіл К. Толькі прозвішчы загінуўшых герояў друкаваліся цалкам. Адзін з іх – Герой Савецкага Саюза А.Л. Ісачэнка, сакратар Гомельскага падпольнага абкама і гаркама ЛКСМБ, падрыўнік атрада «Бальшавік» Гомельскай вобл., які загінуў 7 кастрычніка 1942 г. Яму прысвечаны артыкул «Чэсна выканаў свой доўг перад Радзімай».

У сакавіку 1944 г. «Чырвоная змена» пачала выходзіць у вызваленым Гомелі. На сваіх старонках газета заклікала моладзь прыняць актыўны ўдзел у аднаўленні гарадоў і вёсак, разбураных нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

КП-38991_18_1.jpg

Газета «Чырвоная змена» № 25 ад ад 29 мая 1944 г.

Рэдакцыя вярнулася ў Мінск разам з першымі савецкімі войскамі-вызваліцелямі. «Чырвоная змена» рэгулярна друкавала паведамленні пра дзейнасць Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Многія жыхары Беларусі з артыкулаў «Чырвонкі» даведаліся пра адкрыццё музея, а таксама пра першыя выставы і калекцыі.

1_cr_cr.jpg

Супрацоўнікі рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» на сустрэчы са старэйшым удзельнікам партызанскага руху В.І. Талашом. 1945 г.

У першыя пасляваенныя гады ў рэдакцыю «Чырвонай змены» прыйшлі працаваць былыя партызаны і франтавікі. Гэта былі мужныя і высакародныя людзі, якія прайшлі ўсю вайну і якім было аб чым расказаць моладзі. Ужо ў мірны час многія з іх сталі вядомымі паэтамі і пісьменнікамі, фотакарэспандэнтамі.


Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі партызанскага руху                                                                                                                                       М.В. Гарэлікава


Режим работы в июле - сентябре 25 июня 2021
Комплекс мероприятий, посвященных Дню Победы 30 апреля 2021