Гістарычная даведка
Першыя экспанаты музея збіраліся па гарачых слядах падзей. Ішоў 1943 год. Яшчэ грымела Вялікая Айчынная вайна… Яшчэ пакутавала беларуская зямля пад ярмом варожага нашэсця. Якой жа магутнай была вера ў будучую перамогу, калі ўжо ў гэтыя дні ўзнікла ідэя стварыць музей, каб увекавечыць усенародны подзвіг.
30 верасня 1943 г.
ЦК КП(б)Б пастанавіў “стварыць музей па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну”, часова арганізаваўшы яго ў памяшканні Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве на базе выставы “Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай”. Выстава была адкрыта яшчэ ў першыя дні лістапада 1942 г. па матэрыялах Рэспубліканскай камісіі па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны.
У фондах музея захавалася радыёграма ад 18 кастрычніка 1943 г. пад грыфам “абсалютна сакрэтна”, адрасаваная Г.П. Журэйка – камандзіру партызанскага атрада імя Кутузава Баранавіцкай вобласці - упаўнаважаным ЦШПР і ЦК КП(б)Б па Баранавіцкай вобласці генерал-маёрам Платонам (партызанскі псеўданім Героя Савецкага Саюза В.Я. Чарнышова) наступнага зместу:
«Для музея гісторыі партызанскага руху ў Беларусі неабходна захаваць і прадставіць нам дакументы, характарызуючыя жыццё і дзейнасць партызан, друкаваныя і рукапісныя партызанскія выданні (насценгазеты, улёткі, калі такія друкаваліся, і г. д.), фатаграфіі з падрабязнымі тлумачальнымі тэкстамі, дакументы забітых вышэйшых чыноўнікаў, зрэзаныя нямецкія пагоны, захопленыя ў немцаў сцягі, дакументы і інш.».
Такія радыёграмы пасля выхаду пастановы накіроўваліся ўпаўнаважаным ЦШПР і ЦК КП(б)Б па абласцях, у партызанскія атрады і брыгады.
16 ліпеня 1944 г.
У штат музея былі залічаны першыя супрацоўнікі: В.У. Шаблін, П.М. Ганчароў, Н.С. Абрамаў, мастакі С.Г. Раманаў, А.С. Бархаткоў, Г.Ф. Бржоўскі. 1 жніўня 1944 г. быў назначаны дырэктар музея – Васіль Дзям'янавіч Стальноў, які з чэрвеня 1942 г. з'яўляўся адказным сакратаром камісіі ЦК па зборы дакументаў і матэрыялаў Вялікай Айчыннай вайны. Па архіўных дадзеных, у 1944 г. у музеі працавалі 28 супрацоўнікаў.
Кіраўніцтва БССР прыняло рашэнне вылучыць для музея адзін з нямногіх уцалелых у цэнтры Мінска будынкаў – Дом прафсаюзаў на плошчы Свабоды.
Музей займаў даволі вялікую па тых часах плошчу-1 248 кв.м. Пад экспазіцыю было выдзелена 25 залаў. У гэтым жа будынку знаходзіліся інтэрнат і кватэры супрацоўнікаў.
26 жніўня 1944 г.
Па распараджэнні П.К. Панамарэнкі, група навуковых супрацоўнікаў музея выехала ў Маскву з мэтай вывазу адтуль у Мінск экспанатаў выставы «Беларусь жыве…» і юбілейнай выставы беларускіх мастакоў, прысвечанай 25-годдзю БССР.
У той жа час актыўна ішоў рамонт будынка, паступалі новыя экспанаты ад былых партызан, падпольшчыкаў, франтавікоў, якія часова знаходзіліся ў Мінску і вярнуліся з эвакуацыі жыхароў Беларусі. У хуткім часе пачалася карпатлівая праца па падрыхтоўцы музея да адкрыцця.
У фотатэцы музея ёсць фатаграфіі, якія захавалі працу супрацоўнікаў над стварэннем першай музейнай экспазіцыі. Многае ім даводзілася рабіць сваімі рукамі. У сувязі з гэтым паказальныя радкі з артыкула «Дзве выставы, прысвечаныя народнай барацьбе» (газета «Праўда», 15 лістапада 1944 г.):
«16 ліпеня ў Мінску адбыўся парад узброеных партызан, а праз некалькі дзён партызаны прыйшлі да гэтага будынка і, адклаўшы аўтаматы, узяліся за рамяство муляроў, тынкоўшчыкаў, маляроў… Навуковым кіраўніком выставак стаў пісьменнік Саблін, які два гады ваяваў у радах партызан мінскага спалучэння. У ліку навуковых супрацоўнікаў – былы камандзір атрада «За Радзіму» тав. Ганчароў, начальнік штаба брыгады «Буравеснік» тав. Лавецкі, начальнік штаба брыгады «Жалязняк» тав. Перагудаў, камандзір дыверсійнай групы Абрамаў і іншыя…».
Працэс стварэння музея рэгулярна адлюстроўваўся ў беларускай прэсе.
22 кастрычніка 1944 г.
У нумарах газеты «Звязда» і «Советская Белоруссия» ад 21 і 22 кастрычніка 1944 г. чытачы ўбачылі аб'яву аб адкрыцці 22 кастрычніка ў 12 гадзін першых дзвюх выставак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – «Узбраенне беларускіх партызан» і «Бальшавіцкі друк у дні Вялікай Айчыннай вайны».
Хоць у аб'яве гучала сучасная назва музея, афіцыйна яна была зацверджана Пастановай СНК БССР ад 27 кастрычніка 1944 г.
Што ж уяўляла сабой першая музейная экспазіцыя?
Першая зала музея з'яўлялася пралогам асноўнай экспазіцыі. Цэнтральнае месца займаў вялікі партрэт І.В. Сталіна, а пад ім – словы са знакамітай прамовы правадыра ад 3 ліпеня 1941 г., якая заклікала пакінутых на акупаванай тэрыторыі людзей да ўзброенай барацьбы з захопнікамі.
«Зброевая» частка экспазіцыі з галерэяй партрэтаў партызан – Герояў Савецкага Саюза – складалася з трох раздзелаў: трафейная зброя, самаробная зброя і ўзоры ўзбраення, якія савецкія лётчыкі дастаўлялі партызанам з-за лініі фронту.
Другая частка музейнай экспазіцыі – «Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны» – адкрывалася плакатам са словамі Янкі Купалы: «Жыве ў сваёй сіле і славе беларускі народ». Яна таксама складалася з некалькіх раздзелаў. У першым экспанавалася мноства падпольных газет, улётак, брашур і фатаграфій тых, хто займаўся выпускам падпольнай друкаванай прадукцыі. У асобнай зале была разгорнута экспазіцыя, прысвечаная падпольнай газеце «Звязда». Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягваў сваёй разнастайнасцю раздзел рукапіснага партызанскага друку. У трэцім раздзеле дэманстраваліся беларускія выданні, якія выходзілі ў савецкім тыле, у Маскве.
Захавалася «Кніга ўражанняў і прапаноў» для наведвальнікаў першай экспазіцыі. Яе кардонная вокладка аформлена друкарскім спосабам, а старонкі, з-за адсутнасці больш прыдатнай паперы, сфарміраваны з лістоў нямецкага ўліковага журнала.
У ліку першых наведвальнікаў музея былі франтавікі і партызаны, студэнты, школьнікі і выхаванцы дзіцячых дамоў, пісьменнікі і журналісты.
На працягу 1945– пачатку 1947 гг. у музеі адкрыліся новыя раздзелы экспазіцыі: «Акупацыйны рэжым і зверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі», «Партызанскі рух у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Аднаўленне Беларусі», «Народная гаспадарка і культура Савецкай Беларусі». «Вераломны напад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на СССР і гераічная абарона савецкага народа», «Вызваленне савецкай зямлі ад нямецкіх акупантаў», «Савецкая Армія – вызваліцельніца народаў Еўропы ад гітлераўскага рабства», «Савецкі тыл у перыяд Вялікай Айчыннай вайны».
1 мая 1947 г.
У студзені 1946 г. музейны калектыў узначаліў новы дырэктар Н.Я. Гракаў – чалавек, які меў вялікі вопыт працы і выдатна ведаў музейную справу. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у музеі адкрыліся новыя раздзелы экспазіцыі. На аснове першых тэматычных выставак і новых раздзелаў да 1 мая 1947 г. была адкрыта першая стацыянарная экспазіцыя.
Пасля чаго супрацоўнікі музея сталі надаваць больш увагі навукова-асветніцкай рабоце. Апроч традыцыйных экскурсій па музеі, яны пачалі актыўна праводзіць лекцыі на прадпрыемствах і ва ўстановах Мінска, у калгасах і саўгасах; экскурсіі па месцах баёў Чырвонай Арміі і партызан на тэрыторыі Мінскай вобласці; стваралі перасоўныя тэматычныя выставы.
Сярэдзіна 1960-х – пачатак 2000-х гг.
З-за аварыйнага стану Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды музей быў часова перамешчаны ў будынак на вул. К. Маркса, 12.
Аднак ужо праз паўтара года музей зноў змяніў свой адрас. Распараджэннем Міністэрства культуры БССР ён быў перамешчаны ў новапабудаваны будынак на Цэнтральнай (сёння – Кастрычніцкай) плошчы, па Ленінскім праспекце, 25а (цяпер – праспект Незалежнасці), дзе ў рэкордныя тэрміны была зманціравана і 20 лютага 1966 г. адкрыта экспазіцыя першага паверха, а у лістападзе 1967 г. – усяго музея. Аўтар мастацкага рашэння – М.Кірылаў.
30 сакавіка 1988 г. была прынята пастанова ЦК КПБ № 53 аб абнаўленні экспазіцыі музея. У 1994–1995 гг. рэканструяваны дзве залы па тэме «Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі, смаленская бітва і Маскоўская бітва» (мастак В.К. Чуглазаў). У 1997–1999 гг. створана новая экспазіцыя па гісторыі акупацыйнага рэжыму (мастакі Л.Э. Бартлаў і А.І. Бранцаў). У пачатку 2000-х гг. абноўлены экспазіцыі «Мінскае антыфашысцкае падполле», «Зараджэнне партызанскага руху», «Савецкі тыл» і «Карэнны пералом у ходзе Вялікай Айчыннай вайны».
Праектаванне сучаснага будынка, у якім з 2014 г. размяшчаецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пачалося ў кастрычніку 2008 г. (архітэктар – В.У. Крамарэнка).
24 красавіка 2010 г.
У ходзе правядзення Рэспубліканскага суботніка на месцы будучага будынка музея Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам была закладзена капсула часу з пасланнем нашчадкам. Аналагаў такога значнага для краіны музейнага праекта ў гісторыі рэспублікі яшчэ не было.
Велічны будынак нікога не пакідае абыякавым. Ён размяшчаецца паўколам на ўзвышшы каля абеліска «Мінск – горад-герой». Цэнтральны фасад будынка вырашаны ў выглядзе сімвалічнага салюту Перамогі, у промнях якога размешчаны дзесяць знакавых падзей часоў вайны – ад абароны Брэсцкай Крэпасці да ўзняцця Сцяга Перамогі над Рэйхстагам. Агульная плошча музея – больш за 15000 кв.м. Экспазіцыя размяшчаецца на 4-х паверхах у 11 залах сумарнай плошчай – звыш 4000 кв.м.
2 ліпеня 2014 г.
Напярэдадні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пры ўдзеле Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У.У. Пуціна была адкрыта экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У экспазіцыі новых залаў пашыраны храналагічныя рамкі (1920–1950 гг.), што тлумачыцца неабходнасцю паказаць прычыны Другой сусветнай вайны, а таксама прадставіць матэрыялы першых пасляваенных гадоў аднаўлення, каб раскрыць – як працяг ратнага подзвігу – працоўны подзвіг беларускага народа, які ў найкарацейшыя тэрміны ўзняў параненую краіну з руін. Так у музеі з'явіліся новыя экспазіцыі: «Свет і вайна», «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны», «Дарога вайны», «Беларусь пасля вызвалення. 1944–1950 гг. Памяць аб вайне», «Наследнікі Вялікай Перамогі».
Ранейшыя экспазіцыі ў новым будынку былі дапоўнены новымі тэматыка-экспазіцыйнымі комплексамі: «Франтавы побыт», «Франтавая медыцына», «Партызанскі побыт», «Жыццё гараджан і сельскіх жыхароў ва ўмовах акупацыі» і інш.
Спецыфікай мастацкага афармлення новай экспазіцыі з’яўляецца шырокае выкарыстанне рэканструкцый. Галоўная іх задача – стварыць умовы для максімальнага пагружэння наведвальніка ў гістарычнае асяроддзе.
Выкарыстанне гукавых эфектаў (галасы, шумы, музыка) спрыяюць яшчэ глыбейшаму ўздзеянню на эмацыйнае ўспрыманне падзей вайны. Інфармацыйныя тэрміналы і мультымедыйныя экраны, інтэграваныя ў экспазіцыйную прастору, дазваляюць дэманстраваць вялікую колькасць відэаматэрыялаў, відарысаў сапраўдных дакументаў і даведачных матэрыялаў.
На сённяшні дзень Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца самым папулярным ў Беларусі: кожны год яго наведваюць каля 570 000 чалавек. Штогод сюды прыязджаюць сотні тысяч турыстаў з больш як 100 дзяржаў свету.
Музей стаў скарбніцай ведаў для тых, хто жадае і ўмее здабываць мудрыя ўрокі з мінулага. Гэты аб'ект быў і заўсёды будзе месцам жывой народнай памяці.
Гiмн музею