+375 (17) 203-08-72
ВТ-ВС с 10:00 до 19:00

Адбылося адкрыццё выставы "Шчаслівых перамог, свабодны мой народзе!"

24 чэрвеня ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта “Шчаслівых перамог, свабодны мой народзе!”, прымеркаванага да 140‑годдзя Янкі Купалы і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Унікальныя рарытэты са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадстаўляюць жыццёвы и творчы шлях першага народнага паэта Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – неад’емную часціну агульнага лёсу народа нашай краіны.

У сваёй творчасці Янка Купала адстойваў мір, выкрываючы бязлітасную крывавую сутнасць вайны. Паэт шчыра спадзяваўся, што страшны ваенны пажар Першай сусветнай не будзе мець паўтарэння. Што старыя акопы, якія пакінула вайна на беларускай зямлі, чакае спакойны сон. Балючым ударам у сэрца стала для Купалы хвіліна, калі вораг ізноў прыйшоў на яго родную зямлю. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ён быў трыбунам, прарокам, чыё слова падтрымлівала абаронцаў нашай Бацькаўшчыны, вяло ў бой. Вершы і публіцыстыка Янкі Купалы сталі магутнай зброяй у змаганні.

“Беларусь – не географическое понятие, Беларусь – это мир, это идея, это наследие наших отцов, и от того, что кровавый тяжёлый немецкий сапог прошёл по земле наших дедов, Беларусь не перестала существовать, белорусский народ не скорился!” – пісаў першы народны паэт Беларусі.

На выставе прадстаўлены творы мастакоў, асабістыя рэчы Янкі Купалы, аўтографы вершаў і публіцыстыкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, дакументы і фотаздымкі, якія ўзнаўляюць хроніку жыцця паэта. Галерэя партрэтаў беларускіх партызан з фондаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знаёміць з людзьмі, чыя мужнасць натхняла Янку Купалу на стварэнне свайго знакамітага верша “Беларускім партызанам”.

«“Шчаслівых перамог, свабодны мой народзе!” – гэта сумесны праект Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, які толькі пачынае шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 140-годдзю Дня нараджэння Я. Купалы. Зусім не выпадкова, што выстава створана ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна аб’яднала два музея праз прадметы, рэчы і творы, якія адлюстроўваюць постаць Янкі Купалы ў той нялёгкі час», – сказала дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Васільеўна Галінская.

На адкрыціі выставы прысутнічалі: намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Леанідавіч Слясарчык, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Паўлавіч Пазднякоў, Часовы павераны па справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Цві Міркін і іншыя госці.

Выстава будзе працаваць да 25 ліпеня.

Патриотическая акция "Дорога памяти" проходит в Могилеве 28 июня 2022
Торжественная церемония передачи слитков от Благотворительного фонда имени А. Талая 30 июня 2022