Канцэпт для імпульсу
20 марта 2016
421
№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г
З даклада міністра культуры Рэспублікі Беларусь “Аб выніках дзейнасці ў 2015 годзе і праблемах развіцця сферы культуры ў 2016 годзе” (у кантэксце рэгіёнаў) на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Як “К” паведамляла ўжо, 5 лютага ў Маладзечне прайшло выязное пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Паколькі далёка не ўсе работнікі культуры краіны бралі ў ім удзел, мы вырашылі змясціць сёння вытрымкі з даклада міністра культуры Барыса Святлова. Не раз пераконваліся ў тым, што матэрыялы выніковай калегіі, апублікаваныя на старонках нашай газеты, цягам года ашчадна захоўваюцца ў раённых аддзелах ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, установах сферы і ўспрымаюцца як дакумент, прыняты да няўхільнага выканання. У наступных нумарах мы апублікуем матэрыялы, што перадаюць кантэкст іншых выступленняў падчас пленарнага пасяджэння і работы чатырох тэматычных секцый, прысвечаных прафесійнаму мастацтву, дзейнасці бібліятэк, музеяў і клубаў, адукацыі ў сферы культуры і ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
Словазлучэнне “Год культуры” — гэта той канцэпт, які павінен даць новы імпульс рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі як мінімум на бліжэйшыя пяць гадоў. Нездарма Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сваім выступленні падчас уручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне” падкрэсліў: “Культура — гэта падмурак, на якім развіваецца любая нацыя, вызначаюцца яе жыццяздольнасць, творчы патэнцыял. Яна ляжыць у аснове ідэалогіі дзяржавы, вызначае тыя накірункі і мэты, на якія павінна арыентавацца грамадства”.
У сваім дакладзе я якраз і засяроджу ўвагу на новых мэтах, задачах, накірунках нашай дзейнасці, а гэта немагчыма зрабіць без першапачатковага аналізу праблем папярэдняга развіцця галіны.
Нагадваю, што ў мінулым годзе была рэалізавана Дзяржаўная Праграма ”Культура Беларусі“ на 2011 — 2015 гады, вынікам якой мы прысвяцілі асобную калегію.
Каб не паўтараць прынятыя на ёй рашэнні, яшчэ раз падкрэслю, што невыкананне тых трохі больш за 10 % заданняў праграмы не можа быць патлумачана так званымі аб’ектыўнымі прычынамі — адсутнасцю фінансавання і аптымізацыяй галіны. Лічу, што гэта не прычына, а вынік нашай неразваротлівасці і абыякавасці.
Колькасць насельніцтва ў краіне не змяншаецца, але адбываецца ўнутраная міграцыя з вёскі ў горад. Ад устаноў культуры ў гэтых ўмовах трэба было чакаць новых, сучасных формаў работы і відаў культурных паслуг. І тое, што мы згубілі частку патэнцыйных гледачоў, слухачоў, чытачоў — гэта арганізацыйны пралік на месцах, у кожным канкрэтным клубе, канцэртнай зале, музеі, тэатры, бібліятэцы.
Мы не павінны дапусціць падобных пралікаў пры рэалізацыі праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. Выкананне яе заданняў з першых дзён рэалізацыі будзе знаходзіцца пад пільным кантролем Міністэрства культуры.
Мерапрыемствы Года культуры — арганічная частка згаданай праграмы. Пастановай Урада зацверджаны Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2016 годзе Года культуры. План уключае больш за 120 мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё палітычнай, прававой і эканамічнай, вытворчай і экалагічнай культуры, мастацкай творчасці, здаровага ладу жыцця, побыту, сямейных і чалавечых адносін.
Міністэрства культуры па даручэнні Урада забяспечыць каардынацыю выканання і кантроль за рэалізацыяй гэтага плана. Вынікам правядзення Года культуры стане распрацоўка Асноў дзяржаўнай культурнай палітыкі, якія напрыканцы 2016 года будуць вынесены на абмеркаванне Форуму творчай інтэлігенцыі і работнікаў культуры краіны.
На высокім арганізацыйным і творчым узроўні мы павінны правесці мерапрыемствы, прысвечаныя гістарычным падзеям 2016 года — 75-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 30-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама юбілеям знакамітых дзеячаў беларускай культуры і выбітных падзей, такіх, як 25-годдзе Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Мы павінны выкарыстаць мерапрыемствы Года культуры для вырашэння найважнейшай ідэалагічнай, палітычнай задачы ўмацавання культурнай бяспекі краіны шляхам фарміравання патрыятычнай самасвядомасці на матэрыяле айчыннай гісторыі і мастацтва. Таму што культура — гэта сістэма бяспекі як кожнага асобнага чалавека, грамадзяніна, так і краіны ў цэлым. Гэта сістэма стваралася цягам тысячагоддзяў. Таму наша першапачатковая задача — адрадзіць, рэстаўраваць, адрамантаваць, зберагчы і перадаць нашчадкам нашы гісторыка-культурныя каштоўнасці, нашы помнікі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры.
Што тычыцца матэрыяльнай спадчыны, нагадаю, што летась у адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на будаўніцтва, рэканструкцыю і рэстаўрацыю аб’ектаў культуры было накіравана 126,9 мільярда рублёў. На капітальны рамонт выдаткаваны сродкі ў памеры 78,3 мільярда рублёў.
Работы па будаўніцтве, рэстаўрацыі і рэканструкцыі аб’ектаў культуры вяліся на 10 аб’ектах, з іх на 2 аб’ектах рэспубліканскай і 8 аб’ектах камунальнай уласнасці. Найбуйнейшыя аб’екты — “Рэканструкцыя і рамонт кінастудыі “Беларусьфільм”, “Рэстаўрацыя і прыстасаванне адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, “Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку (гісторыка-культурная каштоўнасць XII стагоддзя) (долевы ўдзел)”, “Капітальны рамонт і мадэрнізацыя навучальнага корпуса № 1 Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па пр. Незалежнасці, 81 у Мінску”.
Работы па капітальным рамонце вяліся на 12 аб’ектах. Завершаны рамонт Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Музея-дачы Васіля Быкава. Вяліся работы ў будынку філіяла Музея Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, у навучальным корпусе № 1 Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у будынку Гомельскага цырка.
Разам з тым, у 2015 годзе назіраліся факты адставання ад зацверджаных графікаў вытворчасці работ на найважнейшых аб’ектах культуры. Было недастатковым і нерытмічным фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту тых аб’ектаў, якія маюць высокую будаўнічую гатоўнасць, не выконваўся прынцып роўнадолевага ўдзелу сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў з боку Віцебскага, Брэсцкага і Мінскага абласных выканаўчых камітэтаў.
Мелі месца выпадкі дрэннай арганізацыі працы падрадчыкаў і праекціроўшчыкаў па засваенні выдаткаваных сродкаў, непрафесіяналізму заказчыкаў пры правядзенні рэканструкцыі і капітальнага рамонту і, у рэшце рэшт, безгаспадарчасці, адсутнасці элементарнага парадку на будаўнічых пляцоўках і ўвогуле на тэрыторыі аб’ектаў культуры.
У 2015 годзе мы вельмі жорстка рэагавалі на падобныя факты і для некаторых з прысутных тут кіраўнікоў, якія былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, Год культуры пачаўся трохі раней каляндарнага тэрміну. У 2016 годзе патрабаванні да кожнага з вас за падтрыманне чысціні і парадку, належны стан будынкаў устаноў культуры і прылеглых тэрыторый будуць не менш прынцыповымі.
У 2015 годзе працягвалася сістэмная праца ў сферы захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Яе ўдасканаленню паспрыяла прыняцце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.12.2015 № 485 “Аб удасканаленні аховы археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў”.
У адпаведнасці з заканадаўствам Міністэрствам культуры былі выдадзены 430 дазволаў на выкананне навукова-даследчых і праектных работ, 320 дазволаў на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, падрыхтаваны 368 заключэнняў па навукова-праектнай дакументацыі. Па завершаных работах выдадзена 105 заключэнняў аб уводзе аб’ектаў у эксплуатацыю. Па фактах парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны выдадзены 12 прадпісанняў Міністэрства культуры.
У мінулым годзе мы даволі востра адчулі праблему, назаву яе так, культуры правядзення рэстаўрацыйных работ на ўсіх аб’ектах і па ўсіх відах рэстаўрацыі, што найбольш яскрава было бачна на прыкладзе Свята-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Хоць запрашэнне расійскіх спецыялістаў часова вырашыла праблему на гэтым аб’екце, але тэндэнцыя заняпаду рэстаўрацыйнай справы і ў гэтай краіне прымусіла нас вынесці адпаведнае пытанне на разгляд калегіі Міністэрства культуры напрыканцы гэтага месяца.
Усе адрэстаўраваныя намі аб’екты раней ці пазней павінны ўводзіцца ў шырокі турыстычны абарот, станавіцца музеямі, месцамі турыстычнага паломніцтва. Дзяржава ўкладае вялікія грошы ў адраджэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей. Наспеў час вяртаць выдаткаваныя грошы дзяржаве.
Лічу, што ў 2015 годзе музейная справа развівалася паспяхова. Асноўны музейны фонд павялічыўся на 175 042 адзінкі і склаў 3 313 613 музейных прадметаў. Колькасць наведванняў у параўнанні з 2014 годам павялічылася амаль на 310 тысяч і склала больш за 6 мільёнаў наведванняў.
Новыя адметныя экспазіцыі з’явіліся ў Музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, Купалаўскім мемарыяльным запаведніку ”Ляўкі“, Музеі ў Лошыцкiм сядзiбна-паркавым комплексе.
Каб заставацца запатрабаванымі ў насельніцтва, музеям неабходны і буйныя яркія выставачныя праекты. У мінулым годзе рэалізаваўся шэраг такіх праектаў. Гэта выстава з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі “Ад рэалізму да імпрэсіянізму”, арганізаваная Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, “Вялікая прэзентацыя музейных рэліквій” з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, “Капітуляцыя Германіі. Май 1945”, якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Разам з тым шэраг буйных музеяў краіны карыстаўся эфектам навізны адрэстаўраваных будынкаў і не прыцягваў наведавальнікаў новымі цікавымі экспазіцыямі. У Год культуры стаўлю кіраўнікам рэспубліканскіх музеяў задачу актывізаваць выставачную дзейнасць устаноў і правесці яе на самым высокім узроўні.
Мінулы год таксама паказаў, што адна з галоўных у музейнай справе праблем — адсутнасць фондасховішчаў, якія б адпавядалі ўсім неабходным для захоўвання музейных прадметаў патрабаванням. У самай бліжэйшай перспектыве неабходна прадугледзець распрацоўку комплексу мер, якія дапамогуць навесці парадак у гэтым кірунку.
Сярод задач, якія таксама неабходна вырашыць у бягучым годзе з дапамогай сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў:
набыццё рэстаўрацыйнага і фондавага абсталявання для музеяў і правядзенне рэстаўрацыі музейных прадметаў;
мадэрнізацыя Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь;
паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы музеяў, у тым ліку рэканструкцыя і рамонт аб’ектаў Брэсцкай крэпасці, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і іншых музеяў.
Патрабуюць вырашэння пытанні аб ліквідаванні будаўнічых недапрацовак па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ствараецца ўражанне, што мы захапіліся новымі тэхнічнымі дасягненнямі накшталт клімат-кантролю, разумнага асвятлення і гэтак далей і гатовы ператварыць нашы музейныя ўстановы ў выставы дасягненняў сучаснай электронікі, забываючыся пра асноўнае іх прызначэнне — несці інфармацыю пра дасягненні нашых продкаў у часы мінулыя.
Шмат супрацьлеглых пачуццяў выклікае бібліятэчная справа. Сёння колькасць публічных бібліятэк складае 2,8 тысячы, акрамя таго, у краіне працуе каля 6 тысяч спецыяльных бібліятэк.
Па статыстыцы, па-ранейшаму кожны трэці грамадзянін Беларусі у сярэднім з’яўляецца карыстальнікам публічнай бібліятэкі. Разам з тым, у 2015 годзе колькасць карыстальнікаў скарацілася на 6 %; колькасць наведванняў паменшылася ў параўнанні з 2014 годам на 5 %.
Гэтыя адмоўныя тэндэнцыі характэрныя як для невялікіх сельскіх бібліятэк, так і для нашай галоўнай бібліятэкі — Нацыянальнай, чытальныя залы якой у мінулым годзе “не далічыліся” звыш 4 тысяч наведванняў. Канкурэнцыя з боку глабальнай сеткі Інтэрнэт, агульная тэндэнцыя да зніжэння цікавасці да чытання, іншыя прычыны не павінны з’яўляцца абгрунтаваннем для памяншэння ахопу насельніцтва інфармацыйна-бібліятэчнымі паслугамі.
Неабходна больш актыўна шукаць шлях да чытача, ці віртуальны, як гэта робіць Нацыянальная бібліятэка, узяўшая курс на абслугоўванне карыстальнікаў у электронным асяроддзі (сёння амаль палова яе карыстальнікаў (47 %) — віртуальныя), ці іншы, у тым ліку з дапамогай нестацыянарных форм абслугоўвання. Пры гэтым чытальныя залы могуць быць перапрафіляваны пад запыты насельніцтва і стаць дадатковай крыніцай пазабюджэтных даходаў.
На фоне памяншэння паказчыка наведванняў асаблівае пытанне выклікае сітуацыя з камплектаваннем бібліятэчнага фонду. У 2015 годзе ўпершыню за апошнія 5 гадоў не забяспечана ў поўным аб’ёме выкананне даручэння Кіраўніка дзяржавы аб выдзяленні на камплектаванне фондаў публічных бібліятэк не менш за 15 % ад сумы, якая выдаткоўваецца на ўтрыманне бібліятэкі. Сярэдні паказчык па краіне склаў 14,8 %. Страты пакуль што невялікія, але з улікам тэндэнцыіі падзення цікавасці да кніжнай формы распаўсюджвання інфармацыі, можа варта гэты паказчык перагледзець?
Але з іншага боку, адстае ад запланаваных тэмпаў інфарматызацыя публічных бібліятэк. На сённяшні дзень камп’ютарызавана 81,2 % іх агульнай колькасці, пры гэтым каля 30 % камп’ютараў не маюць выхаду ў Інтэрнэт, што можна разглядаць як неэфектыўнае выкарыстанне набытага абсталявання. Каля паловы камп’ютарнага парку (48,7 %) патрабуе мадэрнізацыі. Звяртаю ўвагу мясцовых органаў улады на неабходнасць завяршэння поўнай камп’ютарызацыі публічных бібліятэк, у тым ліку з прыцягненнем уласных сродкаў арганізацый і спонсарскіх сродкаў.
Пару дзён таму прачытаў сцэнарый нашых вядомых кінематаграфістаў, дзе адной з дзеючых асоб з’яўляецца, калі можна так сказаць, сельскі клуб саракагадовай даўніны, і чарговы раз задумаўся, якія функцыі выконвае адпаведная сучасная ўстанова. У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сёння функцыянуе больш за 2700 клубных устаноў. У параўнанні з 2014 годам клубная сетка скарацілася на 113 адзінак. Клубнымі ўстановамі арганізавана больш за 500 тысяч мерапрыемстваў, у тым ліку для сельскага насельніцтва — больш за 400 тысяч.
Ва ўстановах культуры функцыянуе больш за 23,5 тысячы клубных фарміраванняў, у якіх больш за 252 тысячы ўдзельнікаў. З іх удзелам праведзена больш за 70 тысяч канцэртаў і спектакляў, 25 тысяч тэатралізаваных свят і абрадаў, каля 20 тысяч выстаў.
Аб павышэнні мастацкага ўзроўню можа сведчыць рост колькасці аматарскіх калектываў мастацкай творчасці з найменнямі “народны”, “узорны” і званнем “заслужаны аматарскі калектыў”, колькасць якіх павялічылася на 43 адзінкі.
Разам з тым, у мінулы, а таксама папярэднія два гады адбывалася скарачэнне клубных фарміраванняў. Спробы асобных рэгіёнаў апраўдаць гэты факт выключна скарачэннем клубных устаноў неабгрунтаваны. Стала менш клубаў, а не людзей, частка якіх засталася неахопленай культурнымі паслугамі.
Неабходна прыняць вычарпальныя меры па арганізацыі культурнага абслугоўвання сельскіх населеных пунктаў, якія не маюць стацыянарных устаноў культуры. Пры гэтым аўтаклубы павінны ўяўляць з сябе не проста транспартны сродак, а сучасны, абсталяваны перасоўны “культурны цэнтр”. Ці рыхтуем мы адпаведныя кадры? Увогуле, адукацыя ў сферы культуры развіваецца сама па сабе ці ў адпаведнасці з кадравымі патрэбамі галіны?
Вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыі па спецыяльнасцях культуры і мастацтва сёння атрымліваюць 12,5 тысячы чалавек. Выпуск у 2015 годзе склаў амаль 3 тысячы чалавек. 96 % выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, якія атрымалі адукацыю за кошт сродкаў бюджэту, накіраваны для работы ва ўстановы культуры краіны. На працягу 2015 года колькасць навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў павялічылася амаль на 2 тысячы чалавек і склала 113 тысяч навучэнцаў (у 2014 годзе — 110,9 тысячы навучэнцаў).
Найбольш таленавітая моладзь атрымлівае падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, святкаванне 20-годдзя якога мела значны грамадскі рэзананс. За 2015 год узнагародамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі былі адзначаны 208 прадстаўнікоў таленавітай моладзі і 17 калектываў мастацкай творчасці. Матэрыяльная дапамога аказана 45 прадстаўнікам творчай моладзі, выдзелены гранты на ажыццяўленне 4 творчых праектаў. На гэтыя мэты фондам выдзелена больш за 2 мільярды рублёў.
Разам з тым, неабходны пэўныя намаганні па прывядзенні сістэмы падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасць з патрабаваннямі сучаснага рынку працы. На бягучы момант толькі 14 з 36 арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання сфарміравалі і размясцілі ў аўтаматызаванай сістэме заказ на падрыхтоўку спецыялістаў. Гэтую сітуацыю трэба выпраўляць.
Тэрміновыя меры павінны быць накіраваны на адкрыццё новых спецыяльнасцей, накіраваных на ўкараненне інавацыйных тэхналогій у сферы культуры.
Недастаткова выкарыстоўваецца патэнцыял адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі І ступені, інтэграваных з адукацыйнымі праграмамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія дазваляюць значна скараціць тэрміны навучання.
Пэўную актуальнасць набывае ў апошні час праблема захаванасці ўстановамі адукацыі кантынгенту навучэнцаў і студэнтаў. Напрыклад, у 2014/2015 навучальным годзе толькі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі кантынгент студэнтаў скараціўся на 5 %.
Па-ранейшаму застаецца нізкім паказчык выпускнікоў дзіцячых школ мастацтваў, якія паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў сферы культуры — 9,5 %, што з’яўляецца вынікам малаэфектыўнай прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў.
У сучасных умовах набывае актуальнасць работа па пераўтварэнні малакамплектных ДШМ у філіялы буйных дзіцячых школ мастацтваў, пашырэнні сеткі школ, якія забяспечваюць рэалізацыю адукацыйных праграм па некалькіх кірунках дзейнасці.
Далейшае развіццё атрымала галіновая навука. У 2015 годзе завершаны 12 навуковых заданняў у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Выканана Праграма навуковага супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на 2010 — 2015 гады. Інстытутам культуры Беларусі завершана работа па стварэнні базы даных і інтэрнэт-партала нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь.
Але навуковымі калектывамі ў сферы культуры недастаткова актыўна ажыццяўляецца камерцыялізацыя вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, што зніжае эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў на фінансаванне навукі.
У 2015 годзе завяршылася дзеянне Дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце” на 2013 — 2015 гады. Для падтрымкі дзейнасці створаных культурных цэнтраў Беларусі за мяжой і грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа перададзена больш за 200 камплектаў нацыянальных касцюмаў, каля 4 тысяч адзінак літаратуры, сувенірная і іншая прадукцыя.
У справе падтрымкі культур нацыянальных меншасцей, якія пражываюць у Беларусі, праведзены абласныя і Мінскі гарадскі туры ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, у якіх удзельнічала больш за 2,5 тысячы выканаўцаў — прадстаўнікоў 37 нацыянальнасцей.
Заключныя мерапрыемствы фестывалю, запланаваныя ў чэрвені ў Гродна, неабходна правесці на самым высокім арганізацыйным і творчым узроўні.
У 2015 годзе, абвешчаным у нашай краіне Годам моладзі, рэалізаваны буйныя рэспубліканскія праекты: ІХ Міжнародны фестываль юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” ў Мазыры, XIII рэспубліканскі конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало” ў Наваполацку, Рэспубліканскі фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах і многія іншыя.
У 2015 годзе актыўна развівалася міжнароднае культурнае супрацоўніцтва.
Забяспечана арганізацыя культурнай праграмы і правядзенне Нацыянальнага дня Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выставе ”ЭКСПА-2015“ у Мілане (Італія), які ўвайшоў у пяцёрку лепшых на гэтай выставе; культурных праграм Другога форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі; Нацыянальнай выставы-кірмашу Рэспублікі Беларусь у Ашхабадзе (Туркменістан).
Адкрыты Дзелавы і культурны комплекс пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, у якім летась праведзена 14 культурных мерапрыемстваў, Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтр пры Нацыянальнай бібліятэцы Пакістана.
Праведзена 4 цыклы мерапрыемстваў Дзён культуры, Дзён кіно Рэспублікі Беларусь за мяжой (КНР, Малдова, Таджыкістан, Туркменістан), тры цыклы мерапрыемстваў Дзён культуры замежных краін у Рэспубліцы Беларусь (Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам, Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, КНР), а таксама фестываль пакістанскага кіно.
Разам з тым у Год культуры міжнароднае культурнае супрацоўніцтва павінна быць у большай ступені зарыентавана на ўсебаковую папулярызацыю творчых дасягненняў і культурна-турыстычных рэсурсаў менавіта нашай краіны.
Патрабуецца сістэмная работа па правядзенні рэзанансных культурных мерапрыемстваў у Дзелавым і культурным цэнтры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
Варта працягваць практыку іх правядзення напярэдадні візітаў вышэйшага ўзроўню. Гастролі беларускіх калектываў за мяжой павінны праводзіцца на камерцыйнай аснове і прыносіць прыбытак.
Для гэтага ёсць усе падставы, у першую чаргу — высокі ўзровень нашага прафесійнага мастацтва.
У мінулым годзе паспяхова прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 70-й гадавіне Перамогі і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, цырымоніі ўступлення на пасаду зноў абранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі; рэспубліканскія акцыі “Мы разам”, “Харавое веча”, “Малітва за Беларусь”, XXIV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) з паказам мюзікла “Папараць-кветка” і далейшым яго пракатам па рэспубліцы, XV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і іншыя мерапрыемствы.
Тэатрамі краіны было пастаўлена каля 120 прэм’ерных спектакляў, паказана больш за восем з паловай тысяч спектакляў, якія наведала больш за 1 мільён 800 тысяч гледачоў.
Па выніках 2015 года спецыяльнымі прэміямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва адзначаны аўтарскі калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, творчыя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага і Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра.
Аднак колькасць паказаў спектакляў у параўнанні з 2014 годам зменшылася на 140 адзінак, колькасць гледачоў — амаль на 263 тысячы. Лічу, што гэта шмат у чым звязана з пралікамі ў рэпертуарнай палітыцы тэатраў, неэфектыўнай маркетынгавай і рэкламнай дзейнасцю, а таксама пасіўнай пазіцыяй, якую займаюць некаторыя кіраўнікі ў працы з гледачамі. Пра гэта, дарэчы, сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання, якое разам з навукоўцамі нашай галіны праводзіў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі па замове Міністэрства культуры. Асноўнымі наведвальнікамі спектакляў з’яўляюцца жанчыны “бальзакаўскага ўзросту”, якія паасобку ці невялікімі групамі наведваюць тэатры. Ці знаходзяць яны там тое, што шукаюць? Ці ведаюць пра гэта кіраўнікі нашых тэатральных устаноў?
У 2016 годзе перад тэатрамі, як і перад усімі арганізацыямі культуры краіны, стаіць задача павелічэння колькасці мерапрыемстваў і гледачоў. І вырашыць яе толькі экстэнсіўнымі метадамі немагчыма. За гледача трэба змагацца, зацягваць яго ў тэатр, шукаць і ўкараняць новыя формы работы.
Станоўчы прыклад работы ў гэтым кірунку прадэманстравалі канцэртныя арганізацыі краіны. Гэтымі арганізацыямі, а таксама цыркамі краіны праведзена каля шасці з паловай тысяч канцэртаў і цыркавых прадстаўленняў, што на 200 больш, чым у 2014 годзе. Колькасць гледачоў таксама ўзрасла амаль на 500 тысяч і дасягнула паказчыка ў 2 мільёны. Створана 295 новых канцэртных і цыркавых праграм.
Разам з тым, пры правядзенні грамадска-культурных мерапрыемстваў, фестываляў і свят наспела неабходнасць абнаўлення творчых канцэпцый, прыцягнення да падрыхтоўкі маладых рэжысёрскіх кадраў; больш шырокае ўключэнне ў праграмы выступленняў творчых калектываў і выканаўцаў з рэгіёнаў.
Канцэртныя арганізацыі краіны адчуваюць недахоп сродкаў для пастановак новых канцэртных праграм і гастрольнай дзейнасці. У рэгіёнах назіраецца нізкая зацікаўленасць устаноў культуры ў арганізацыі канцэртаў беларускіх творчых калектываў і выканаўцаў з устаноў рэспубліканскага падпарадкавання і з іншых рэгіёнаў.
У галіне выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дызайну праведзена каля 200 мастацкіх выстаў і арт-праектаў. Сярод іх такія буйныя праекты, як “Перамога” да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, выставы секцый скульптуры і графікі Беларускага саюза мастакоў, арт-праект “Арт-астравы” і іншыя. Беларусь прыняла ўдзел у Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва з праектам “Архіў сведкі вайны”. Па прыкладзе сусветна вядомых арт-дэпо і арт-цэнтраў створаны Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Для папаўнення фондаў рэспубліканскіх і рэгіянальных музеяў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту набыты творы 86 мастакоў на суму 3 120,0 мільярда рублёў, што на 5 мільёнаў рублёў больш, чым у 2014 годзе. Творы мастакоў таксама набываліся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Створаны скульптурныя кампазіцыі ”Брама памяці“ на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ”Трасцянец“ (скульптар — Канстанцін Касцючэнка) і “Беларусь гасцінная” на тэрыторыі Палаца Незалежнасці (скульптар — Сяргей Бандарэнка).
Разам з тым, профільнымі музейнымі ўстановамі не вядзецца праца па фарміраванні калекцый твораў беларускага дызайну, патрабуе пашырэння работа па набыцці твораў рэгіянальных мастакоў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, адсутнічаюць міжнародныя пленэры па выяўленчым мастацтве з шырокім замежным прадстаўніцтвам.
У сферы кінематаграфіі ў 2015 годзе былі арганізаваны два адкрытыя рэспубліканскія конкурсы кінапраектаў, па выніках якіх заключаны дагаворы на вытворчасць 5 ігравых і 26 неігравых фільмаў. Пры дзяржаўнай падтрымцы кінастудыяй “Беларусьфільм” зняты 4 фільмы ў ігравой форме, 8 — у анімацыйнай, 24 — у неігравой форме і 5 летапісных сюжэтаў, прыватнымі кінакампаніямі — 1 фільм. На гэтыя мэты накіравана 51,7 мільярда рублёў, што на 8,3 мільярда рублёў менш, чым у 2014 годзе.
Дзяржаўнымі кінапракатнымі арганізацыямі атрыманы даход ад кінапаказу ў суме 274,8 мільярда рублёў, што на 5,2 мільярда рублёў больш, чым у 2014 годзе.
Адбыліся Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў ”Анімаёўка“, XXII Мінскі міжнародны кінафестываль ”Лістапад“. Беларускія фільмы прынялі ўдзел у 43 замежных кінафестывалях, дзе былі адзначаны 19 узнагародамі.
Разам з тым стан спраў у сферы кінематаграфіі нельга прызнаць здавальняючым. Сістэмаўтвараючая арганізацыя галіны — УП ”Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” — у 2015 годзе з’яўлялася стратным прадпрыемствам. Гэта негатыўная тэндэнцыя захоўваецца і на пачатку 2016 года.
Эканамічныя цяжкасці з’яўляюцца адным з вынікаў творчага заняпаду. Кінастудыя ніяк не можа вызначыцца са сваімі ідэйна-мастацкімі прыярытэтамі і сфарміраваць канкурэнтаздольны пакет кінапраектаў для ўдзелу ў адкрытых рэспубліканскіх конкурсах. На жаль, пераважная большасць яе супрацоўнікаў жыве старымі ўяўленнямі аб кінавытворчасці і арыентавана выключна на “засваенне” бюджэтных сродкаў, працу дзеля працэсу, а не дзеля выніку.
Акрамя таго, кінастудыі патрэбна ўлічыць, што яна з’яўляецца дзяржаўнай камерцыйнай арганізацыяй, якая павінна забяспечваць станоўчыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці і выконваць паказчыкі, прадугледжаныя праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця. У першую чаргу, гэта выкананне ўстаноўленых Міністэрствам культуры заданняў па энергазберажэнні, экспарце паслуг, рэнтабельнасці продажаў, зніжэнні сабекошту прадукцыі і паслуг ды забеспячэнні прыбытковай дзейнасці прадпрыемства.
Галоўная задача кінастудыі на сучасным этапе — выйсці ў першым паўгоддзі 2016 года на бясстратную дзейнасць і арганізаваць эфектыўную фільмавытворчасць.
Патрабуе свайго вырашэння і праблема зніжэння колькасці наведванняў месцаў кінапаказу, якая ў 2015 годзе склала каля 13,3 мільёна чалавек, что на 1,6 мільёна наведванняў менш, чым у 2014 годзе. У той жа час расце колькасць прыватных кінапракатных арганізацый, нават будуюцца новыя месцы кінапаказу. Гэта патрабуе свайго тлумачэння, а з боку Міністэрства культуры і аблвыканкамаў — стварэння больш эфектыўнай сістэмы кінавідэапракату.
Я так падрабязна спыніўся на дзейнасці кінастудыі і кінавідэапракату таму, што іх сучасны статус у сістэме культуры — гэта недалёкая будучыня ўсіх нашых устаноў. А нездавальняючы стан — папярэджанне ўсім, хто не хоча паўтарыць памылкі кінематаграфістаў.
Мы імкнёмся актыўна ўцягваць творчыя саюзы ў рэалізацыю дзяржаўнай культурнай палітыкі па ўсіх накірунках. Напрыклад, за перыяд з 2013 па 2015 гады аб’ём сродкаў, выдаткаваных Міністэрствам культуры на набыццё твораў членаў Беларускага саюза кампазітараў, узрос са 150 да 395 мільёнаў рублёў, ці амаль у тры разы, Беларускага саюза мастакоў — з 713 мільёнаў да 3 мільярдаў 120 мільёнаў рублёў, ці ў чатыры разы. Пры гэтым улічаны прапановы аб першачарговым набыцці твораў мастакоў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і тых, якім найбольш патрэбна падтрымка для аплаты за майстэрні, а таксама творчай моладзі.
Адносіны творчых саюзаў да дзяржавы павінны стаць не спажывецкімі, а партнёрскімі. І калі творчыя саюзы разлічваюць на падтрымку дзяржавы ў вырашэнні сваіх праблем, то і дзяржава мае права ўскладаць на іх пэўныя сацыяльныя абавязкі.
У Год культуры важнейшае значэнне адводзіцца нашай інфармацыйнай рабоце. Мы можам праводзіць, колькі здолеем, культурных мерапрыемстваў, але калі яны не трапяць на тэлеэкраны ці на старонкі перыядычных выданняў, эфект ад іх будзе невялікі. Карыстаючыся момантам, я хачу падзякаваць усім нашым інфармацыйным і дзелавым партнёрам, якімі выступаюць і "Першы канал", і "АНТ", і "СТБ", за рэалізацыю шэрагу мінулагодніх культурных праектаў. У той жа час хацелася б, каб больш актыўную пазіцыю на інфармацыйным полі занялі свае ведамасныя выданні: часопіс “Мастацтва” і газета “Культура”, якія, як ніхто іншы, прызваны адлюстроўваць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры, аператыўна рэагаваць на ўзнікаючыя праблемы. <...>
Пералічаныя вышэй праблемы немагчыма вырашыць без якасных пераўтварэнняў у развіцці галіны.
Гэтыя сістэмныя зрухі, на мой погляд, звязаны са стварэннем у бліжэйшай перспектыве аптымальнай структуры арганізацый культуры на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўнях.
Зараз толькі ў сістэме Мінкультуры налічваецца каля 7 тысяч арганізацый культуры, у якіх працуе 62,5 тысячы чалавек.
Трэба прааналізаваць, наколькі рацыянальна арганізацыі культуры размешчаны па тэрыторыі краіны з улікам колькасці насельніцтва ў рэгіёнах і функцый, якія яны выконваюць.
У выніку работы, якая праводзіцца, мы плануем укараніць тыпавую структуру ўстаноў культуры і ўвесці ў дзеянне пэўны паказчык колькасці работнікаў культуры на колькасць насельніцтва.
Я не буду дэталёва распісваць план аптымізаці галіны, тым больш, што яго мы яшчэ будзем удакладняць разам з вамі. Назаву толькі асноўныя прынцыпы, па якіх павінны адбывацца гэтыя змены.
Першы прынцып — гэта скарачэнне колькасці так званых кіруючых работнікаў праз аб’яднанне, ці, калі жадаеце, праз узбуйненне асобных арганізацый культуры рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўняў. Тэзіс, я разумею, вельмі непапулярны ў гэтай аўдыторыі, таму што на справаздачную калегію мы запрашаем галоўным чынам кіруючыя кадры. Але пазбаўляцца ад тых, хто стварае культурныя каштоўнасці, спяшацца не будзем.
Другі прынцып будзе звязаны з распрацоўкай тыпавой структуры арганізацый культуры рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў.
У лік арганізацый культуры рэспубліканскага ўзроўню ўвойдуць вядучыя ў пэўнай галіне мастацтва ці кірунку культурнай дзейнасці, якая мае агульнарэспубліканскае значэнне, з наданнем ім статусу “нацыянальны”. Тыя арганізацыі культуры ці іх філіялы, якія знаходзяцца ў рэгіёнах і задавальняюць культурныя патрэбы мясцовых жыхароў, мяркуецца перадаць у камунальную ўласнасць.
Сродкі рэспубліканскага бюджэту, якія вызваляцца ў выніку ўзбуйнення і перадачы асобных арганізацый культуры з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную, прапануецца захаваць у галіне і накіраваць на павышэнне аплаты працы супрацоўнікам арганізацый са статусам “нацыянальны”.
Тыпавая структура арганізацый абласнога ўзроўню будзе ўключаць у сябе арганізацыі культуры, дзейнасць якіх мае агульнаабласное значэнне, як правіла, два абласныя тэатры — драматычны і лялечны, філармонію, два музеі (у тым ліку краязнаўчы), бібліятэку, кінавідэапракатную арганізацыю, навукова-метадычны цэнтр, тры ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, установу культуры клубнага тыпу.
Тыпавая структура арганізацый культуры раёна можа ўключаць у сябе цэнтральныя раённыя бібліятэку, музей, клуб і дзіцячую школу мастацтваў з сістэмамі філіялаў у населеных пунктах, а таксама кінавідэапракатную арганізацыю. Таксама ў раённым падпарадкаванні застануцца існуючыя там зараз тэатральна-відовішчныя арганізацыі.
Зразумела, гэтыя прапановы — прадмет абмеркавання. Будуць праведзены адпаведныя разлікі і вызначаны мінімальна неабходны ўзровень забяспечанасці галіны ўстановамі культуры. Упэўнены, што, супаставіўшы існуючую структуру з распрацаванай мадэллю, мы ўбачым рэсурсы для ўдасканалення галіны.
Асновай далейшага развіцця культуры будзе наяўнасць сучаснай нарматыўнай прававой базы галіны. Прыняты ў першым чытанні праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, які ў перспектыве можа стаць асновай для распрацоўкі мадэльнага Кодэкса аб культуры для дзяржаў-удзельніц СНД.
Таксама прыняты чатыры акты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і чатыры пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях культуры, 29 пастаноў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У 2016 годзе неабходна будзе ажыццявіць суправаджэнне падрыхтоўкі праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры да разгляду ў другім чытанні ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; распрацоўку праектаў нарматыўных прававых актаў па пытаннях аховы археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў, вытворчасці фільмаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, парадку ацэнкі культурных каштоўнасцей.
Яшчэ адзін тэзіс: давайце жыць па сродках і зарабляць грошы самі, а не спадзявацца толькі на бюджэт.
Нагадаю, што аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры ў 2015 годзе, па папярэдніх дадзенных, склаў каля 3,5 трыльёна рублеў, ці каля 0,4 % ад валавага ўнутранага прадукту. Сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый, склалі звыш 1,2 мільярда рублёў, што на 12,5 % больш, чым у 2014 годзе. Найбольшы рост даходаў забяспечаны ў Брэсцкай (122,0 %), Мінскай (116,4 %) і Гродзенскай (115,2 %) абласцях.
Выдаткі на культуру за кошт бюджэтнага фінансавання з разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы пры ўстаноўленым нарматыве 1,3 базавай велічыні склалі 1,9 базавай велічыні. Сярэдняя заработная плата работнікаў культуры за студзень — снежань 2015 года склала 4,1 мільёна рублёў, яе рост за год склаў 11,2 %.
Аднак гэтыя паказчыкі не павінны стаць падставай для самазаспакаення. Да кіраўнікоў кожнай з падначаленых Міністэрству культуры арганізацый таксама даведзены паказчыкі па выкананні заданняў на 2016 год, у тым ліку звязаных з павелічэннем да 18 % аб’ёмаў пазабюджэтных даходаў арганізацый. Іх дасягненне стане асноўным крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці.
Гэта толькі асноўнае кола праблем і задач, над якімі нам трэба будзе працаваць у 2016 годзе. Спадзяюся, што ўдзельнікі калегіі ў сваіх выступленнях падрабязна прааналізуюць вынікі дзейнасці ў 2015 годзе і дадуць прапановы, якія дапамогуць рэалізаваць нашы планы па пераўтварэннях у сферы культуры.