Menu

 “ЯК КРАСАВАЎСЯ, КРАСАВАЦЦА ЧЫРВОНЫ СЦЯГ НАД НАМІ БУДЗЕ”



                                                                                                                         
Зірнуць зноў нашы ўвысь палацы,
Святочна прыбяруцца людзі,
Як красаваўся, красавацца
Чырвоны сцяг над намі будзе.

(“Зноў будзем шчасце мець і волю”, Янка Купала, 1942 г.)
 
 
     Невыпадкова гэтыя прарочыя радкі з верша Янкі Купалы ляглі ў назву святочнага мерапрыемства, якое 3 ліпеня 2017 г. прайшло ў Зале Перамогі музея. Яны неслі ў сабе непахісную веру ў перамогу і незалежнасць нашага народа ў далёкім 1942. Яны гучаць актуальна і ў нашыя дні, а ў Дзень Незалежнасці – асабліва.

     Падчас урачыстасці ў зале адбылася прэзентацыя музейнай рэліквіі – штурмавога сцяга, які быў узняты 3 ліпеня 1944 г. над будынкам Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1, у 1944 годзе тэатр набыў імя вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы, сёння мы ведаем яго як Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы).
     “2 студзеня 1945 года штурмавы сцяг быў перададзены нашаму музею аддзелам агітацыі і прапаганды Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі. Сёння ён з’яўляецца ўвасабленнем славы папярэдніх пакаленняў, адным з галоўных сімвалаў вызвалення Мінска, якую супрацоунікі музея з годнасцю захоўваюць ужо больш за 70 гадоў”, - расказвае падчас прэзентацыі дырэктар музея Д.Г. Шляхцін.

     На вялікі жаль, не захавалася звестак пра людзей, якія ўздымалі сцяг, невядома, як склаліся іх лёсы, іх імёны не прагучалі з імправізаванай сцэны… Аднак, у гонар агульнай нязгаснай памяці пра вызваленцаў Мінска, былі агучаны кранальныя ўспаміны вядомых герояў, якія прынеслі нашай сталіцы вызваленне.
     Вось, да прыкладу, урывак з ліста гвардыі капітана Уладзіміра Фёдаравіча Жураўлёва – камандзіра танкавай роты 25-й гвардзейскай танкавай Ельненскай брыгады:
     Здравствуйте папа, мама, Нина, Шурик!
     Воспользовавшись передышкой, хочу черкнуть пару строчек вам. Я посылал последнее письмо перед Минском. Тогда мне удалось первому ворваться в город после небольшого боя. На улицу вышло все население и буквально не давали проехать. Женщины плачут, все ликуют. Машина шла вся в цветах, в люки летели бутылки с вином и подарки. Меня однажды вытащили из машины и чуть не закачали. Немчура бежит, только  услышав гул моторов, пачками сдаются в плен. По дорогам нельзя проехать – все завалено немецкой техникой. Жмем без передышки. (14.07.1944 г.).

 
     Паэтычную старонку святочнай сустрэчы прадставілі знакамітыя артысты-купалаўцы: народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці Марыя Георгіеўна ЗАХАРЭВІЧ і артыст драмы вышэйшай катэгорыі, уладальнік Нагруднага знака Міістэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” Андрэй Пятровіч КАВАЛЬЧУК. У іх выдатным выкананні прагучалі творы беларускіх пісьменнікаў: “Балада аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова, “Хатынскі снег” Генадзя Бураўкіна і “Зноў будзем шчасце мець і волю” Янкі Купалы.


     Напрыканцы мерапрыемства, на памяць пра цёплую святочную сустрэчу і ў гонар штурмавога сцяга, гасцям і наведвальнікам музея ўручылі чырвоныя сцяжкі – гэткія невялічкія сімвалы музейнай рэліквіі.
     “Мы перадаем іх у вашыя рукі і сэрцы, каб вашы лёсы, лёсы вашых дзяцей складваліся пад знакам свабоды і незалежнасці, каб прароцтвы Купалы працягвалі збывацца, каб моц і веліч нашай краіны з кожным годам раслі, а мы з вамі былі годнымі сынамі незалежнай Беларусі!” – як наказ прагучалі заключныя словы вядучай.
 









У мерапрыемстве прынялі ўдзел:
Д.Г. Шляхцін – дырэктар музея 
А.В. Галінская – намеснік дырэктара па навуковай рабоце
С.А. Патупчык – галоўны захавальнік фондаў
Т.Ф. Палітыка – загадчык сектара метадычнай работы
А.Л. Сямашка – загадчык сектара рэкламы і маркетынгу
А.А. Наркевіч – загадчык аддзела выставак
Ю.М. Куўшынаў, А.І. Малец – малодшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела навукова-асветніцкай дзейнасці
Я.А. Патупчык – тэхнік.
М.Г. Захарэвіч, А.П. Кавальчук – артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Курсанты першапачатковай падрыхтоўкі Цэтра павышэння кваліфікацыі  кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь.
Фотаздымка – В.Ю. Емялёва.
Наверх