Menu

Часовая экспазіцыя “Адна сям’я – адна вайна”

 

     17 мая 2017 г. ў музеі пачала работу часовая экспазіцыя “Адна сямя – адна вайна”, створаная да свята Міжнароднага дня музеяў, якое адзначаецца 18 мая.
     Тэма патрыятызму сямей у гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца актуальнай і блізкай для многіх, таму што практычна кожную беларускую сям’ю закранула вайна, у кожнай сям’і ёсць свае ўспаміны пра яе, свае героі і рэліквіі. Гісторыі розных сем’яў пададзены на аснове фондавых фотадакументальных матэрыялаў. Некаторыя з іх можна ўбачыць і ў тэматычных раздзелах стацыянарнай экспазіцыі, некаторыя захоўваюцца ў фондах.
Анастасія Шыш праводзіць на баявое заданне сына і ўнукаў. 1944 г.
     Ёсць дзве сям’і ўраджэнцаў Беларусі, у якіх два чалавекі былі ўдастоены самага высокага звання Героя Савецкага Саюза, – гэта браты Лізюковы і браты Вайнрубы. У гонар братоў Лізюковых: Яўгена, Аляксандра і Пятра, ураджэнцаў Гомеля, названа адна з вуліц гэтага горада. Ніводзін з братоў не дажыў да Перамогі. Яўген Ільіч Лізюкоў, камандзір партызанскага атрада, загінуў у ліпені 1944 г., Герой Савецкага Саюза Аляксандр Ільіч Лізюкоў, камандуючы танкавай арміяй, загінуў у ліпені 1942 г. у Варонежскай вобласці, Герой Савецкага Саюза Пётр Ільіч Лізюкоў, камандзір знішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады, загінуў у студзені 1945 г. у баі за г. Кёнігсберг.
     Адным загадам ад 6.04.1945 г. былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза браты Вайнрубы: Яўсей Рыгоравіч і Мацвей Рыгоравіч, ураджэнцы г. Барысава, якія вызначыліся ў баях на тэрыторыі Польшчы.
     У першыя дні вайны здзейснілі подзвіг браты Крычаўцовы: Елісей, Канстанцін і Мінай, ураджэнцы Гомельскай вобласці. 26.06.1941 г. у баі пад г. Беластокам іх танкавы экіпаж накіраваў сваю падпаленую машыну на скапленне тэхнікі праціўніка.
Браты Крычаўцовы
У музеі захоўваецца фота 1938 г. братоў Грачанікавых: Аляксандра, Ільва, Якава і Паўла, якія прыехалі ў водпуск да бацькі ў родны горад Мсціслаў Магілёўскай вобласці і сфатаграфаваліся на памяць. Далей Аляксандр і Леў былі ўдзельнікамі Сталінградскай бітвы, Якаў ваяваў пад Масквой, вызваляў Польшчу, Павел – удзельнік разгрому Японіі.
Браты Грачанікавы
     Усім добра вядомы манумент маці-патрыёткі ў г. Жодзіна. Правобразам маці стала Анастасія Фамінічна Купрыянава (па першым мужу – Курсевіч), у якой вайна адняла пяцярых сыноў. Мікалай і Сцяпан Курсевічы загінулі на фронце пры вызваленні Польшчы, партызан Міхаіл Курсевіч загінуў у турме ў Барысаве, Герой Савецкага Саюза Пётр Купрыянаў загінуў у Латвіі, закрыўшы сабой амбразуру нямецкага дзота, партызан Уладзімір Купрыянаў памёр ад ран у 1949 г. Маці пражыла 106 гадоў.
Анастасія Купрыянава каля ложка сына ў вайсковай часці
     У сям’і Івана Канстанцінавіча і Марыі Адольфаўны Гурскіх з Уздзенскага раёна Мінскай вобласці было сямёра дзяцей (Канстанцін, Мікалай, Уладзімір, Антон, Аляксандр, Анатоль, Аляксандра). Аляксандра, Мікалай і Анатоль – партызаны, Аляксандр, Канстанцін, Антон і Уладзімір ваявалі на фронце. Аляксандр Гурскі ў 1941 г. трапіў у палон і загінуў у канцлагеры, Канстанцін Гурскі загінуў на фронце ў 1943 г. Яго жонка Разалія Гурская была расстраляна па даносе, а дзяцей, Ізабэлу і Станіслава, выратавалі ад смерці дзядуля з бабуляй.
Гурскі Канстанцін Іванавіч
     Імя Марыі Маркаўны Пруднікавай, гомельскай настаўніцы, у гады вайны было вядома многім. У ліку першых яна ўступіла ў народнае апалчэнне Гомеля, удзельнічала ў арганізацыі палявых шпіталяў, падрыхтоўцы абсталявання для іх, потым эвакуіравалася ў Саратаўскую вобласць. Тры яе сыны – Яраслаў, Юрый, Ігар – і сотні яе вучняў ваявалі на франтах. Марыя Пруднікава звярталася да іх на старонках газет, натхняючы на абарону Радзімы. Яраслаў і Юрый былі кадравымі афіцэрамі (Яраслаў – лётчык, удзельнік абароны Масквы, вызвалення Польшчы, баёў у Германіі, Юрый – артылерыст, удзельнік Сталінградскай бітвы, вызвалення Беларусі), самы малодшы сын Ігар загінуў пад Тулай.
Паштовыя карткі Юрыя Пруднікава
     Шэсць сыноў выгадавала Соф’я Канстанцінаўна Грак, ураджэнка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Трое з іх загінулі: Аляксандр – у чэрвені 1941 г. у Латвіі, Георгій – у 1944 г. пры вызваленні Польшчы, Леанід – у 1943 г. у баі партызан з гітлераўцамі. Мікалай прайшоў баявы шлях ад Сталінграда да Берліна, памёр ад ран у 1959 г., Уладзімір сустрэў перамогу ў Кёнігсбергу, самы малодшы сын Кірыл у 15 гадоў стаў партызанам, у адным з баёў атрымаў цяжкае раненне і застаўся без нагі. Сама Соф’я Канстанцінаўна была партызанскай сувязной.
Грак Мікалай Кірылавіч Ліст Мікалая Грака да брата Уладзіміра. 1945 г.
     Партызанская сям’я Васілія Кірылавіча і Ксеніі Ігнацьеўны Падбярозка са Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, у якой было 6 дзяцей (Васілій, Валянціна, Вера, Надзея, Любоў, Акцябрына), выратавала параненага падчас абарончых баёў у 1941 г. казахскага воіна Тактагалі Жангельдзіна, нягледзячы на пагрозу пакарання з боку акупацыйных улад. Дзеці, Валянціна і Васілій, знайшлі ў лесе параненага і знясіленага чалавека. Бацька зрабіў насілкі, на якіх уначы Т. Жангельдзіна прынеслі ў хату. Пасля выздараўлення ён працягнуў барацьбу ў складзе партызанскай брыгады “Дзядзькі Колі” Мінскай вобласці.
     Шэсць сясцёр Хаўранковых: Надзея, Матрона, Ганна, Зінаіда, Марыя і Еўфрасінья былі сувязнымі партызанскай брыгады “Чэкіст” Магілёўскай вобласці. Першай загінула Надзея, якую гітлераўцы затрымалі з сакрэтнымі дакументамі. Марыя па заданні партызан працавала ў сельскай управе прыбіральшчыцай, дастаўляла звесткі пра аб’екты праціўніка і зброю, па даносе была арыштавана разам з сынам Анатолем, на вачах якога гітлераўцы яе катавалі ў турме. Былі арыштаваны і ўсе астатнія сёстры разам з бацькамі. Марыя Хаўранкова была павешана, яе сын у хуткім часе пасля вайны памёр. Брат Іван Хаўранкоў загінуў на фронце.
Сёстры Хаўранковы
     Нялёгкім быў лёс яшчэ адной беларускай сям’і з Даманавіцкага раёна Гомельскай вобласці – сям’і Гарбачовых. Дзяніс Захаравіч, яго жонка Ксенія Аляксееўна і 6 дзяцей былі ўдзельнікамі вайны. Старшы сын Васілій загінуў падчас абароны Кіева ў 1941 г.; адзін з арганізатараў партызанскага руху ў Любанскім і Старадарожскім раёнах Еўстрат Гарбачоў загінуў у 1942 г.; дачка Марыя, дом якой з’яўляўся явачнай кватэрай Даманавіцкай падпольнай арганізацыі, была расстраляна разам з бацькам; падпольшчык і партызанскі сувязны Сяргей трапіў у рукі карнікаў і быў забіты пры спробе ўцякчы. Жывымі засталіся толькі маці і сын Міхаіл Гарбачоў, які спачатку быў падпольшчыкам, а потым узначаліў Даманавіцкі партызанскі атрад.
     У адным палку ваявалі і былі ўдзельнікамі вызвалення Беларусі браты Леанід і Мікалай Фясенка, ураджэнцы Варашылаўградскай вобласці; бацька і сын Пётр і Іван Андросавы, ураджэнцы Смаленскай вобласці. У вызваленні Польшчы і Венгрыі бралі ўдзел бацька і сын Сяргей і Мікалай Дубініны, ураджэнцы Гомельскай вобласці. Браты Рыгор і Міхаіл Мароз, ураджэнцы Мінскай вобласці, былі сувязнымі партызанскага атрада, далей Рыгор загінуў на тэрыторыі Германіі, а Міхаіл стаў мараком-падводнікам, шмат гадоў праслужыўшы на Паўночным флоце ў пасляваенны час.
Сустрэча братоў Мікалая (справа) і Леаніда Фясенка Бацька і сын Пётр і Іван Андросавы
Якаў Платонаў вызваліў роднае сяло і сустрэўся з сям’ёй. 1944.
     Экспазіцыю дапаўняюць радкі з лістоў, напісаных з фронту, якія ствараюць агульны вобраз салдата Вялікай вайны, даносяць да нас яго думкі і пачуцці, імкненне абараніць і вызваліць ад ворага свой дом, сям’ю, Радзіму.

 

Над стварэннем экспазіцыі працавалі навуковыя супрацоўнікі аддзела ваенна-франтавой гісторыі
С.М. Прыбыш, К.У. Навіцкая, Ю.М. Калтовіч, М.М. Кранцэвіч, А.А. Сіняўскі і мастак В.Ю. Емялёва.

 Загадчык аддзелам ваенна-франтавой гісторыі
С.М. Прыбыш

Наверх