Menu

Адкрыццё часовай экспазіцыі «Мы ідзем да цябе, Беларусь!»


23 лістапада 2018 г.у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі «Мы ідзем да цябе, Беларусь!», прымеркаванай да 75-годдзя пачатку вызвалення Беларусі.

Вызваленне Беларусі – гэта значная старонка ў гісторыі нашай дзяржавы. Часовая экспазіцыя «Мы ідзем да цябе, Беларусь!» з’яўляецца данінай памяці ветэранам, усяму ваеннаму пакаленню і адначасова – зваротам да моладзі, да нашчадкаў вызваліцеляў.

У верасні 1943 – лютым 1944 гг. ішлі цяжкія і напружаныя баі ва ўсходніх раёнах нашай краіны. Войскі наступалі восеньскім бездарожжам, у складаных умовах лясіста-балоцістай мясцовасці, фарсіравалі шматлікія водныя перашкоды. У гэты пачатковы перыяд здолелі вызваліць 1/5 частку краіны: 36 раённых і 2 абласных цэнтры Беларусі (Гомель і Мазыр).

Экспанаты з розных фондавых калекцый музея (жывапіс, графіка, ваенная амуніцыя і атрыбутыка, адзенне, лістоўкі, дакументы і фотадакументы) ствараюць вобраз воіна-вызваліцеля, дапамагаюць убачыць чалавека на вайне, уявіць тых байцоў і камандзіраў, якія 75 гадоў таму пачалі цяжкі шлях да поўнага вызвалення Беларусі.

У першай частцы залы галоўным з’яўляецца вобраз воіна-вызваліцеля, які прадстаўлены ў жывапісных палотнах і графічных работах з фондаў музея: “Прыйшла Чырвоная Армія” мастака К.І. Максімцава, “Салдат” мастака В.В. Палтаўца, “Пераправа”, мастака А.М. Дзямарына, “Атака адбіта” мастака П.С. Вазнюка, “Апошні снарад” мастака М.А. Карпука, “Салют паўшаму герою” мастака Я.Я. Красоўскага; у серыі малюнкаў воінаў 1-га Беларускага фронту А.І. Глухава, С.М. Шоміна і інш. Вобраз вызваліцеля падтрымліваецца найбольш ўласцівымі яму прадметамі: зброя, салдацкі шынель, гімнасцёрка, галіфэ, каска, пілотка, сідар, кацялок, біклага, лыжка і г.д.

У другой частцы экспазіцыі кампазіцыйным цэнтрам з’яўляецца інсталяцыя “дом беларуса”. Менавіта гэты “дом”, які ўвасабляе ў сабе ўсю краіну, прыйшлі вызваліць ад акупантаў савецкія воіны.

Кожны метр беларускай зямлі быў адваяваны вялікай кроўю. Фотаздымкі з фондаў музея адлюстроўваюць пахаванне воінаў, ускладанне кветак да брацкіх магіл і г.д.

Сімвалічна, што ў юбілейны для нашай краіны перыяд 2018 – 2019 гг., на мерапрыемстве адбылася перадача музею ў дар ад Кітайскай Народнай Рэспублікі аўтамабіля МАЗ. Дзякуючы гэтаму падарунку, перасоўная экспазіцыя музея, прысвечаная вызваленню Беларусі, набудзе яшчэ большую мабільнасць.

Экспазіцыя прадоўжыцца да 27 студзеня 2019 г.

 
   
   
   
   
 
   
   
   
   
   
   
   
Наверх